Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1–2 ЛІСТАПАДА Ў МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ ШЭРАГ АКЦЫЯЎ, ПРЫМЕРКАВАНЫХ ДА ДЗЯДОЎ


Ганна Соусь, Менск

Гаворыць прэсавы сакратар КХП-БНФ Валер Буйвал:

(Буйвал: ) “Гэта будзе якраз 15 гадоў з правядзеньня тых драматычных Дзядоў 1988 году. 30 кастрычніка і пачалася гісторыя Беларускага Народнага Фронту. Мы запрашаем усіх людзей на шэсьце, збор 2 лістапада аб 11 гадзіне ля станцыі мэтро “Парк Чалюскінцаў”. У 11.30 пачынаецца шэсьце па праспэкце Скарыны, потым па вуліцах Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка, Мірашнічэнкі да кальцавой дарогі і ў Курапаты, дзе а 15 гадзіне пачнецца кароткі мэмарыяльны мітынг”.

Як паведаміў прэсавы сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал, на мітынгу будуць выступаць ахвяры палітычных рэпрэсіяў, сьвятары, прадстаўнікі палітычных партыяў. Разам з актывістамі КХП БНФ адзначаць Дзяды будуць і сябры Партыі БНФ. Гаворыць намесьніца кіраўніка партыі Галіна Сямдзянава:

(Сямдзянава: ) “Мы вырашылі ўзяць удзел у тым шэсьці й мітынгу, якія ладзіць КХП БНФ. Далучымся й адзначым гэты дзень разам”.

А заўтра, 1 лістапада, актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ гэтаксама з дазволу менскіх уладаў ладзяць жалобнае шэсьце і мітынг у Лошыцкім Яры. Збор удзельнікаў 1 лістапада а 12 гадзіне ля Палацу культуры камвольнага камбінату, а з 12 гадзіны да 12.30 адбудзецца шэсьце да крыжа, усталяванага на месцы расстрэлаў. Каля гэтага памятнага крыжа з 13 да 14 гадзіны адбудзецца мітынг.

1 і 2 лістапада Беларуская партыя свабоды гэтаксама ладзіць шэраг акцыяў з нагоды Дня памяці продкаў. 1 лістапада ў 18.30 на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца Ланцуг памяці за ўсіх загінулых за Беларусь. Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік партыі Сяржук Высоцкі, удзельнікі ланцугу запаляць сьвечкі ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Сяржук Высоцкі таксама запрашае прыйсьці 2 лістапада ў 10.30 у Курапаты на сход беларускіх патрыётаў. А пра ўдзел актывістаў Маладога Фронту ў сёлетнім адзначэньні Дзядоў распавядзе Павал Севярынец.

(Севярынец: ) “Малады Фронт бярэ ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, прысьвечаных Дзядам. Для нас гэта вельмі важная дата, паколькі 15 гадоў першым Дзядам, зь якіх пачаўся нацыянальны рух. Таму для нас прынцыпова, каб Дзяды прайшлі една, моцна, выяўна. І менавіта таму мы будзем прымаць удзел і ў Ланцугу памяці ў 18.30 заўтра, і ў супольнай акцыі — шэсьці, якое пачнецца ад гадзіньнікавага заводу да Курапатаў, і таксама ў сходзе патрыётаў, які пачнецца ў 10.30 у Курапатах 2 лістапада”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG