Жалобнае шэсьце на Курапаты адбудзецца сёлета паводле ўжо традыцыйнага маршруту — збор удзельнікаў ля мэтро “Парк Чалюскінцаў” а палове на дванаццатую, шэсьце пачнецца апоўдні й будзе праходзіць па праспэкце Скарыны, потым па вуліцах Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка, Мірашнічэнкі і далей у Курапаты, дзе з 15 да 17 гадзіны мяркуецца правесьці жалобны мітынг. Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ атрымалі дазвол ад Менгарвыканкаму на правядзеньне жалобнага шэсьця і мітынгу на Дзяды.
Распавядаючы для Радыё Свабода пра падрыхтоўку да Дня памяці продкаў, намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі запрашае ўсіх узяць удзел у талацэ ў гэтую суботу і завершыць упарадкаваньне тэрыторыі Курапатаў да Дзядоў.
(Беленькі: ) “Мы запрашаем усіх жадаючых узяць удзел у талацэ. Па-другое, мы запрашаем людзей, каб яны прыйшлі на шэсьце і мітынг. Традыцыйна плянуецца ўсталяваньне крыжоў у Курапатах”.
Як паведаміў Юрась Беленькі, у Менгарвыканкам таксама пададзеная заяўка на правядзеньне 1 лістапада жалобнага шэсьця і мітынгу ў Лошыцы. Юрась Беленькі працягвае:
(Беленькі: ) “Шэсьце таксама замоўленае паводле традыцыйнага маршруту — ад камвольнага камбінату і да Крыжа, усталяванага на месцы расейска-бальшавіцкіх расстрэлаў. Каля гэтага памятнага крыжа на Дзяды заўсёды зьбіраюцца людзі”.
Як адзначае Юрась Беленькі, адметнасьць сёлетніх Дзядоў у тым, што гэтым разам да актывістаў КХП БНФ далучацца сябры Партыі БНФ, Маладога Фронту, адрозна ад мінулых гадоў, калі партыі ладзілі асобныя акцыі. Дарэчы, з такой ініцыятывай выступіў яшчэ ў верасьні лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец. Гэткім рашэньнем вельмі ўсьцешаны мастак Аляксей Марачкін:
(Марачкін: ) “Нарэшце мы будзем сьвяткаваць Дзяды разам — і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя, і Партыя БНФ. Пойдзем разам ад парку Чалюскінцаў да Курапатаў. Нас ня так шмат, каб мы яшчэ дзяліліся, драбіліся. Я думаю, што гэта вельмі важнае рашэньне, і на будучыню трэба падтрымліваць такую ініцыятыву, каб сумесна праводзіць такія акцыі”.
Як паведміў Радыё Свабода старшыня менскай гарадзской рады Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна, плянуецца, што ад іхнай партыі на шэсьце з нагоды Дня памяці продкаў прыйдзе каля 500 чалавек. Адзначу, што ў апошнія гады ў акцыях з нагоды Дня памяці продкаў бралі ўдзел некалькі тысяч чалавек.