Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ КХП БНФ ПРАВЯЛІ Ў КУРАПАТАХ ТАЛАКУ


Галіна Абакунчык, Менск

На суботнюю талаку ў Курапаты прыйшло каля дзясятка чалавек. На магілах-ямінах яны выкошвалі траву, прыбіралі ўрочышча ад паламанага ветрам гальля, а таксама ўсталявалі некалькі крыжоў. Вось як патлумачылі патрэбу крыжаўзьвіжаньня ўдзельнікі талакі Вікенці Сушкевіч і Мікола Галаўнёў:

(Сушкевіч: ) “Робім народны мэмарыял. Вось бачыце, колькі ўжо крыжоў усталявана па пэрымэтры. Будзем і далей працягваць ставіць”.

(Галаўнёў: ) “Раней па-хрысьціянску над кожнай магілай ставілі крыж. Тут столькі тысяч закатаваных людзей, што невядома, ці зможам мы ўсталяваць гэтулькі. Але як мага больш трэба старацца ўсталёўваць тут крыжоў”.

Акрамя добраахвотнікаў, Курапаты наведваюць і турысты. У суботу тут была група амэрыканцаў і некалькі дзясяткаў школьнікаў. Пра гэта мне паведамілі жыхаркі блізкіх дамоў, якія літаральна побач з крыжамі зьбіралі тут ягады.

(Спадарыня: ) “Мы тут побач, праз дарогу жывем. Тут і ягады зьбіраем”.

(Карэспандэнтка: ) “А ня страшна?”

(Спадарыня: ) “Не. Ягады нястрашна. Столькі гадоў ужо прайшло — што ўжо там?”

(Спадарыня: ) “Раней мы нічога ўвогуле ня ведалі, як засяліліся сюды 30 гадоў таму. Грыбы тут зьбіралі. Ходзім, а муж кажа — што гэта за дзіўныя яміны, бамбавалі тут хіба праз кожныя паўмэтра?”

(Карэспандэнтка: ) “А цяпер ведаеце, што гэта?”

(Спадарыня: ) “Канечне. Гэта помнік. Тут заўсёды ціха, чыста, ніякага шуму, хуліганства”.

(Спадарыня: ) “Тут увогуле мусілі былі мэмарыял зрабіць. А тое, што мы ягады зьбіраем, то я думаю — нястрашна. Я за сваю пэнсію 86 тысяч рублёў шклянку ягадаў, якія амаль тысячу каштуюць, купіць не змагу”.

Штотыднёвая суботняя талака ў Курапатах ладзіцца ад першых цёплых дзён вясны і да позьняй восені. Паводле сяброў КХП БНФ, гэта ня толькі практычныя захады дзеля абароны ўрочышча ад вандалізму і захаваньня парадку, але й маральная акцыя. Гаворыць Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Тут галоўнае — памяць пра загінулых продкаў. Усе ведаюць, што тут па сутнасьці быў канцэнтрацыйны лягер, дзе доўгія гады зьнішчалі грамадзянаў Беларусі. Прынцыпова й таму, што тут пачалося адраджэньне БНФ і адраджэньне Беларусі. Таму Курапаты ўлады і хочуць прынізіць, бо гэта сымбаль адраджэньня беларускай нацыі”.

Паводле спадара Юхо, плянуецца, што ў наступную суботу тут будзе ўсталявана яшчэ сто новых крыжоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG