Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРАПАТЫ: БУДАЎНІЦТВА КАТЭДЖНАГА ПАСЁЛКУ СПЫНЕНАЕ


Альгерд Невяроўскі, Менск

З будаўнічай пляцоўкі катэджнага пасёлку “Сонечны”, які плянавалі пабудаваць у непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў, 20 чэрвеня былі вывезеныя ўсе будаўнічыя матэрыялы. Сама былая будаўнічая пляцоўка зраўняная бульдозэрамі. Работамі ў справе ліквідацыі пляцоўкі “Вігэўрабуду” кіравалі чыноўнікі Менскага аблвыканкаму, якія адмовіліся даваць якія-небудзь тлумачэньні.

А вось дырэктар у справе будаўніцтва фірмы “Вігэўрабуд” Мікалай Прахарэнка распавёў, што ўлады ўрэшце выканалі распараджэньне старшыні Менскага аблвыканкаму Мікалая Дамашкевіча. Ён яшчэ 28 красавіка загадаў Менскаму райвыканкаму скасаваць дамову на арэнду зямлі пад будаўніцтва зь фірмай “Вігэўрабуд”. Гаворыць Мікалай Прахарэнка:

(Прахарэнка: ) “Вэрсія такая, што нехта калісьці там праяжджаў, пралятаў і ўбачыў сьмецьце. Не спадабаўся эстэтычны выгляд тэрыторыі й выдалі пастанову: “У зьвязку з тым, што зямля ў такім стане, скасаваць зь фірмай усе дачыненьні”. Але ў адпаведным парадку. А гэта значыць, што бок, які ініцыяваў скасаваньне дамовы, павінен зьвяртацца ў Гаспадарчы суд. Гэтага не адбылося, а празь нейкі час прыехалі й вывезьлі нашыя каштоўнасьці ў іншае месца”.

Ліквідавалі пляцоўку вельмі апэратыўна — літаральна за два дні. З ахоўнай зоны мэмарыялу таксама будуць прыбраныя ўсе гаспадарчыя пабудовы і агароды праваслаўнага Спасава падвор’я, якія зьявіліся там незаконна. Застанецца толькі капліца. Землі вакол Курапатаў будуць закансэрваваныя да вызначэньня і зацьверджаньня Саветам Міністраў ахоўнай зоны мэмарыялу.

Усё гэта адбылося ў немалай ступені дзякуючы намаганьням навуковай кіраўніцы мэмарыялу Курапаты Маі Кляшторнай, якая патрабавала ад розных дзяржаўных установаў спыніць парушэньні закону фірмай “Вігэўрабуд” і праваслаўным прыходам. Падобным чынам дзейнічалі й прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту аховы гістроыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі. Сама спадарыня Кляшторная хаця й лічыць гэтае рашэньне перамогай, але гаворыць, што чыноўнікі зрабілі тое, што мусілі былі зрабіць паводле закону.

Спыніць у ахоўнай зоне мэмарыялу будаўніцтва актыўна дамагаліся і прадстаўнікі грамадзкасьці. Вось меркаваньне актывісткі грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Валянціны Трыгубовіч:

(Трыгубовіч: ) “Я думаю, што ў грамадзтве гэтая думка сасьпела. І кожная думка, калі яна набывае патрэбную колькасьць прыхільнікаў, урэшце перамагае. Думаю, мы дастаткова грукаліся ў гэтыя дзьверы, каб нешта зрушылася зь месца. Гэта перамога здаровага сэнсу і грамадзянскай супольнасьці як такой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG