Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПРЫЛЕГЛЫМ ДА КУРАПАТАЎ ПОЛІ ГЕАДЭЗІСТЫ ПАЧАЛІ ПАЗНАЧАЦЬ БУДУЧЫЯ ЎЧАСТКІ ПАД КАТЭДЖЫ


Ганна Соусь, Менск

На полі, што мяжуе з курапацкім лесам, цяпер можна пабачыць шмат вешак — гэтак геадэзісты пазначылі памеры будучых участкаў. Гэтыя працы актыўна вяліся ўчора. За імі назіралі актывісты Маладога Фронту, якія патрулявалі Курапаты. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “На тым месцы, дзе плянуецца пабудаваць пасёлак “Сонечны”, вядуцца геадэзічныя работы, расстаўляюцца вешкі, каб разьмеціць участкі й будаваць катэджы. Такім чынам, ні абяцанкі ўладаў, ні высокія словы кіраўнікаў камітэтаў не выконваюцца. Працы па пабудове катэджаў вядуцца, і небясьпека застаецца”.

Павал Севярынец разам зь лідэрам Беларускай партыі свабоды Сержуком Высоцкім цяпер распрацоўваюць далейшы сумесны плян дзеяньняў дзеля абароны Нацыянальнага нэкропалю.

Сёньня ўрочышча наведала навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная. Ейным клопатам сталі зьвесткі пра тое, што з боку дарогі “Заслаўе-Калодзішчы” высякаюць дрэвы. Рамонт дарогі вядзе прадпрыемства “Менскаблдарбуд”. Мая Кляшторная зьвязалася з генэральным дырэктарам прадпрыемства Пятром Гаварком і высьветліла ўсе акалічнасьці. У выніку высечку дрэваў часова прыпынілі.

(Кляшторная: ) “Усе дзеяньні па рамонце гэтай дарогі павінны весьціся пад наглядам археолягаў і пасьля ўзгадненьня з Дэпартамэнтам аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. Тое, што дарога застаецца ў тых жа парамэтрах, што й была, і не пашыраецца, гэта добра. Але высечку кожнага дрэва павінны былі таксама ўзгадніць. А так я паглядзела, што яны працуюць ашчадна”.

Але найбольш навуковую кіраўніцу Курапацкага мэмарыялу клапоціць сытуацыя з пабудовай катэджнага пасёлку “Сонечны”. Праект ахоўных зонаў Курапатаў, у якім яны вызначаныя ў межах трохсот мэтраў, дагэтуль узгадняецца, гэтым разам у Менаблвыканкаме.

(Кляшторная: ) “У мяне такое адчуваньне, што ўсе робяць выгляд, што нешта робяць у справе Курапатаў. А насамрэч проста даюць дазвол таму злачынству. Але пакуль праект ня ўзгоднены, у межах вызначаных праектам ахоўных зонаў не павінна быць ніякага будаўніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG