Зямельны ўчастак ля Курапатаў агульнай плошчай 26 гэктараў перададзены ў арэнду на дзесяць гадоў таварыству з дадатковай адказнасьцю “Вігэўрабуд” для будаўніцтва катэджнага пасёлку. Гэта – рашэньне менскага райвыканкаму ад 31 жніўня 2002 году. “Вігэрабуд” абавязаны пералічыць у бюджэт Менскага раёну 30% ад кошту аб’екту. Як паведаміў сёньня Радыё Свабода генэральны дырэктар “Вігэўрабуда” Ўладзімер Асіповіч, гэта каля мільярда беларускіх рублёў, прыкладна 500 тысячаў даляраў. Паводле яго, пакуль пералічаная толькі частка грошай.
(Асіповіч: ) “Нам выдзяліў ўчастак зямлі райвыканкам і аблвыканкам. Яго зацьвердзілі. Праект прыняў Савет міністраў. Сёньня калгас адмовіўся ад гэтай зямельнай плямы, гэта ўжо нашае. Відавочна, што тут ня будуць сеяць, а значыць, зьявіцца пустазельле. І гэта побач з кальцовой, дзе кожны тыдзень праяжджае сам прэзыдэнт, і потым паказвае пальцам таму ці іншаму выканаўцу. І наступствы могуць быць вельмі непрыемнымі. Ужо прыносілі праект ахоўных зонаў, дык паводле яго там будзе поле валошкаў і пустазельле. Але ж гэта ніхто не дазволіць сёньня. Цяпер каштоўны кожны мэтар, тым больш такой элітнай зямлі, як ля кальцавой дарогі. Паслухайце, што гаворыць на нарадах прэзыдэнт”.
Генэральны дырэктар “Вігэўрабуду”абяцае добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол Курапатаў. Нагадаю, што гэтакая ж рыторыка была ў будаўнікоў і падчас рэканструкцыі менскай кальцавой дарогі.
(Асіповіч: ) “Калі мы сёньня згодныя зрабіць прыгожыя зялёныя алеі, зрабіць нейкія дарожкі, агарадзіць гэта ўсё, а яны ад гэтага адмаўляюцца… Дык, прабачце, што сёньня могуць зрабіць гэтыя адмарожаныя?”
(Карэспандэнтка: ) “Каго Вы маеце на ўвазе? Што Вы прапануеце, і хто ад чаго адмаўляецца?”
(Асіповіч: ) “Адмаўляюцца ад таго, што мы сёньня прапануем міністэрству гісторыка-культурнай спадчыны”.
Спадар Асіповіч меў на ўвазе Камітэт аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры, які забараніў будаўніцтва катэджнага пасёлку, пакуль ня будзе зацьверджаны праект ахоўных зонаў. Паводле яго, ахоўная зона Курапатаў складае 300 мэтраў і ўключае ў сабе палявую дарогу, якой бязьвінных ахвяраў карнікі НКВД везьлі на расстрэл у лес. Да таго ж плянавалася, што ў гэтай зоне ў будучыні паўстане музэй ахвяраў палітычных рэпрэсій. У “Вігэўрабудзе” спадзяюцца, што ў выніку ахоўная зона Курапатаў складзе 100 мэтраў.
Як паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік Менскага аблвыканкаму Яўген Кавалеўскі, зараз праект ахоўных зонаў знаходзіцца ў іх на разглядзе й празь некалькі дзён будзе зробленае заключэньне. Што да фірмы “Вігэўрабуд”, то спадар Кавалеўскі зазначыў наступнае:
(Кавалеўскі: ) “Мы строга папярэдзілі заказчыка. Я напісаў ім ліст, каб не прадпрымалі ніякіх дзеяньняў да распрацоўкі й зацьверджаньня праекту ахоўных зонаў”.