Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРОД ЗАТРЫМАНЫХ НА ЎЧОРАШНЯЙ АКЦЫІ БЫЛІ АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня раніцай абаронцы Курапатаў актыўна абмяркоўвалі ўчорашнія затрыманьні ў часе акцыі Маладога Фронту "Беларусь у Эўропу". Пра гэтыя падзеі валанцёры даведаліся ўчора, слухаючы Радыё Свабода, дзе ў жывым эфіры вялася трансьляцыя падзеяў.

Дарэчы, сярод затрыманых былі й абаронцы Курапатаў — Васіль Парфянкоў і Ірына Вяткіна. Каб падтрымаць сваіх пацярпелых сяброў, некаторыя валанцёры хадзілі сёньня ў суд Савецкага раёну.

Што да жыцьця ў лягеры абаронцаў Курапатаў, то тут па-ранейшаму лютуе грып. Гаворыць Алесь Гетман:

(Гетман: ) "Ужо ўсе, хто тут знаходзяцца, хварэюць на грып. Я вось ужо колькі дзён хварэю, а стан усё не паляпшаецца. Сёньня зьяжджаю ў Берасьце дахаты, каб трохі вылячыцца. Усім, хто да нас прыходзіць, адразу даем аксалінавую мазь, каб людзі не захварэлі на грып.

Зараз вельмі актыўна нам дапамагаюць спадар Міхноў і спадар Кішкурна, яны абодва зьяўляюцца кіраўнікамі радаў Партыі БНФ. Лясьнікоў дагэтуль няма, і спадар Міхноў прывозіць нам дровы — расьпіловачныя матэрыялы, якія нідзе не патрэбныя..."

У намёце абаронцаў Курапатаў ёсьць невялічкая бібліятэка — кнігі захоўваюцца ў адмысловай скрынцы. Глеб Вязоўскі прачытаў у Курапатах ужо не адну кнігу.

(Вязоўскі: ) "Індэкс рэпрэсаваных" — гэта была апошняя кніга, якую я прачытаў, зараз другую чытаю. Потым твор у фантастычным стылі "Клятва крысинога короля" ды яшчэ некалькі. Зараз чытаю "Плавучы востраў" Жуль Вэрна. Таксама прачытаў кнігі "Курапаты", "Цуды, якія ёсьць у сьвеце", "Гісторыю баявых мастацтваў". Мы хочам, каб у нас у бібліятэцы было болей кніг беларускіх пісьменьнікаў, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча ды іншых. Калі ў каго-небудзь ёсьць магчымасьць, няхай падносяць нам кнігі, мы будзем вельмі ўдзячныя".

Гэтыя амаль пяць месяцаў абаронцы Курапатаў жывуць своеасаблівай еднасьцю — без тэлебачаньня й электрычнасьці, паводле адмысловых правілаў, ва ўмовах "на выжываньне", аб'яднаныя адной ідэяй — захаваць нацыянальны нэкропаль.

Апошнім часам у валанцёраў нарадзілася ідэя абвесьціць у Курапатах "Свабодную краіну Беларусь". Сутнасьць гэтай ідэі тлумачыць Алесь Гетман:

(Гетман: ) "Гэта краіна, свабодная ад лукашызму. Мы будзем яе бараніць. Нават амонаўцы становяцца тут іншымі людзьмі. У нас вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг, які ніхто не здымае, а калі спрабуюць, мы яго баронім. Так параіліся хлопцы паміж сабой і вырашылі: "Давай абвесьцім Курапаты свободнай ад лукашызму зонай, бо тут ніколі не было нагі Лукашэнкі, і ня будзе".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG