Перада мной пакунак. Зэфір “Бела-ружовы”. А па-ангельску напісана: “Прадукт Беларусі. Генэральны імпартэр і распаўсюднік у ЗША — кампанія Desly International”. Пазначаны нават адрас — 47-я вуліца Брукліну, Нью-Ёрк. І ня слова пра тое, што зэфір гэты выраблены ў Нароўлі на фабрыцы “Чырвоны Мазыранін”. Ня згадвае ўпакоўка і пра экалягічныя асаблівасьці радзімы ласунку, пра падвышаны радыяцыйны фон, пра радыенукліды ў глебе і вадзе. Дырэктарка фабрыкі Аляксандра Гараніна супакойвае — пазначаць такое ня мае сэнсу, уся сыравіна прывазная, яна — экалягічна чыстая. Адпаведна і прадукцыя бясьпечная для здароўя.
(Гараніна: ) “Зэфіры, мармэляды і “кароўку” рэгулярна бярэ ў нас Нью-Ёрк і Ізраіль. Нашыя тамтэйшыя пакупнікі — гэта выхадцы з Беларусі. У людзей настальгія, і прадукцыя разыходзіцца імгненна. Сёлета амаль у два разы павялічылі пастаўкі. І будзем яшчэ болей пастаўляць — гэта ўсё справа часу. Гэта вялікая адказнасьць. Калі рыхтуецца партыя на Амэрыку ці на Ізраіль, асаблівае стаўленьне да яе, бо надта хочацца задаволіць такога спажыўца”.
Пасьля чарнобыльскай катастрофы, забруджаныя землі, у тым ліку й Нароўля, пераўтварыліся ў своеасаблівы палігон. Назіраючы за тутэйшым насельніцтвам, навукоўцы дасьледуюць, як радыяцыя ўзьдзейнічае на арганізм чалавека. Акрамя стану арганізма, вывучаюць зьмены ў псыхіцы. Сацыялягічныя апытаньні, доўгатэрміновыя назіраньні й рознага кшталту анкетаваньні — такое ў Гомельскай вобласьці праводзяць ужо ня першы год. Вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня: 16% апытаных перакананыя, што людзей з пацярпелых раёнаў трэба выселіць, а мясцовасьць закансэрваваць. 36% жадаюць пераехаць на жыхарства ў чыстую зону.
Бадай што адзіны напамін пра чарнобыльскую катастрофу — гэта помнік выселеным вёскам. Ён стаіць на ўзьбярэжжы Прыпяці і ўяўляе сабой некалькі стэлаў. На адной — знак радыяцыі, а на другой дата — 1986 год. Унізе выбітыя назвы мёртвых вёсак. Але гэты сьпіс ужо не адпавядае сапраўднасьці. Ня так даўно Нароўлю аб’явілі чыстай зонай і людзям дазволілі жыць у большасьці тых вёсак, зь якіх высялялі раней.
Пасьля чарнобыльскай катастрофы Нароўля была забруджаная да такой ступені, што тут насыпалі новы слой глебы. Вуліцы заасфальтаваныя некалькі разоў, каб дарожным пакрыцьцём перашкаджаць выпраменьваньню. Новы слой пяску зьявіўся і на ўзьбярэжжы Прыпяці. Але на ім хутка зрабілі пляж: бачныя распранальні й парасоны, улетку загараюць і купаюцца ў рацэ. 30% жыхароў Нароўлі наракаюць на дрэннае мэдычнае абслугоўваньне. 20% прычынаю пагаршэньня стану здароўля называюць якасьць пітной вады.
У заканадаўстве Беларусі зафіксавана, што інфармацыя экалягічнага кшталту не зьяўляецца таямніцаю. Афіцыйныя ўстановы мусяць дзяліцца ёй на першае запатрабаваньне. Дырэктар нараўлянскага Цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Леданід Белка безь пісьмовай згоды райвыканкаму размаўляць са мной адмовіўся. Ягоныя падначаленыя аказаліся больш гаваркія.
(Спадарыня: ) “У нас ідуць грыбы зь перавышэньнем нормы ўтрыманьня. Але іх вараць і ядуць”.
(Карэспандэнт: ) “Вы неяк гэта спыняеце?”
(Спадарыня: ) “Натуральна, мы папярэджваем, што тут вельмі шмат радыяцыі. Хто ня хоча, той выкідае. Але такіх мала. Грыбы звычайна тры разы адварваюць, дадаюць солі і зноў прыносяць да нас. А там ужо норма. Ну, а калі норма, дык ужывайце”.
(Карэспандэнт: ) “Вядома, што плютоній празь пяць год находжаньня на паверхні зямлі пераўтвараецца ў амэрыцый. Той лёгка распушчаецца ў вадзе. Людзі п’юць, і гэта прыводзіць да раку страўніка”.
(Спадарыня: ) “Гэта ўсё натуральна, але мы нічога такога не вымяраем, бо ў нас няма абсталяваньня. Толькі на цэзій правяраем”.
(Карэспандэнт: ) “А што ж рабіць з амэрыцыем? Ён жа ўжо даўно распусьціўся ў вадзе?”
(Спадарыня: ) “Ну, а што тут зрабіць…”
Паводле сацыялічных дасьледаваньняў, 62% жыхароў Нароўлі лічаць, што стан іхнага здароўя пагоршыўся.
Інвалід другой групы Віктар Драпей ведае, што жыць яму засталося меней за год. Ён трымае гаспадарку і, колькі хапае сілаў, увіхаецца на ёй. Каб лягчэй было перасоўвацца па мястэчку, набыў коніка. Прызнаецца, што для яго гэта ледзь ня самая родная істота.
(Драпей: ) “О-о-ой! З такой жыткай лепей памерці, чым пакутаваць. У гомельскім шпіталі ляжаў. Чатыры гады, як парэзалі. Рак выразалі. Горла выразалі, паставілі штучнае. Палову стараўніка выразалі”.
(Карэспандэнт: ) “Як цяпер сябе адчуваеце?”
(Драпей: ) “Ногі баляць, хадзіць няможна. Трошкі папрацую, дык у галаве кружыць, хістае як п’янага. Не ясі — нудзіць, есьці хочацца. Зьеў нешта — жывот забалеў”.
(Карэспандэнт: ) “Вы зьвяртаецеся да доктара, вас неяк аглядаюць?”
(Драпей: ) “А я нікуды не зьвяртаюся. Дома сяджу, пакуль не ўпаду. Тады хуткая прыедзе й забярэ. А ня прыедзе, так падохну”.
(Карэспандэнт: ) “Мо варта было б зьвяртацца…”
(Драпей: ) “Паложана, каб я парашкі атрымліваў. Лепей ня ведаць тых парашкоў! Адно лечыш, а другое калечыш. Яшчэ пакуль сэрца трохі калоціцца, хай калоціцца. А як буду парашкі есьці, дакладна пайду на трэці кілямэтар, на могілкі”.
36% насельнікаў Нароўлі ніякай канкрэтнай дапамогі ад дзяржавы не атрымліваюць.
Падчас выбуху чацьвертага блёку Іван Шаўрэй знаходзіўся за 150 мэтраў ад рэактара. Сярод першых тушыў пажар. Сьмяротны ровень радыяцыі — 100 рэнтгенаў. А ён атрымаў 500 і застаўся жыць. Пакутаваў на промневую хваробу. Стаў інвалідам. Апошнія гады працаваў у раённым падразьдзяленьні Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. А калі выйшаў на пэнсію, вырашыў атрымаць ад дзяржавы гарантаваную кампэнсацыю за сваё калецтва. Сабраў усе неабходныя дакумэнты, паперы перадаў у Дзяржстрах. Адтуль прыйшоў адказ. Іван Шаўрэй прачытаў ліст і некалькі месяцаў пралежыў у шпіталі — сэрца прыхапіла, ледзь не спаралізавала.
(Шаўрэй: ) “Яны растлумачылі мне, што ня маюць права выплаціць той сумы, бо мне гэта мусіць выплаціць МНС. З МНС я атрымаў адказ, што калі чалавек пацярпеў на працы, мусіць выплачваць Дзяржстрах. Навошта мяне так падманваць?! Міністар жа мне ня будзе брахаць! Даў адказ, значыць абавязаныя выплаціць. А Дзяржстрах гаворыць: пайшоў ты… далёка-далёка. Сёньня ўсім напляваць. Мне яны адказваюць: я цябе туды не пасылаў! Пра мяне толькі згадваюць 26 красавіка. Проста крыўдна становіцца!”
16% апытаных лічаць, што жыцьцё можа налепшыцца намаганьнямі органаў мясцовай улады.
Увесь 2003 год райвыканкамы да сельсаветы добраўпарадкавалі падуладныя тэрыторыі. У Нароўлі чыстыя вуліцы й пафарбаваныя фасады дамоў. А дасягнулі гэтага наступным мэтадам: паселішча падзялілі на сэктары. Ледзь ня кожная арганізацыя атрымала падшэфныя вуліцы. Супрацоўнікі мусілі рэгулярна кантраляваць, каб платы паўсюль былі аднолькавыя і стаялі вэртыкальна, каб трава нідзе не расла й сьмецьця не валялася. Хібы ўпрошвалі выпраўляць жыхароў. Раней ці пазьней усе падпарадкоўваліся. Перамогу над мясцовай вэртыкальлю ўдалося атрымаць адной толькі пэнсіянэрцы, Марыі Драпей:
(Драпей: ) “Шляга мяне ўжо штрафуе за плот. А я й кажу: я яго й ладзіць ня буду, бо няма каму гэта рабіць. Хай ён прыйдзе да мяне. Сядзе ў маю хату, а я пайду ў ягоную кватэру”.
(Карэспандэнт: ) “А хто такі Шляга?”
(Драпей: ) “Старшыня райвыканкаму”.
Пасьля такіх словаў плот бабе Марыі паставілі за кошт дзяржавы.
(Карэспандэнт: ) “Райвыканкам пэнсіянэрам нечым дапамагае?”
(Драпей: ) “Нічога яны нам не дапамагаюць! Ніколі капейкі не далі. Чарнобыльскіх ніякіх няма. Бабка 80 тысяч атрымлівае — дый жыві як хочаш. Дзе яно хапае! Каб расходаваў тую пэнсію, можна было за два дні ўсю патраціць. Дзе ты праўды сёньня знойдзеш? У райвыканкаме? У райвыканкаме праўды ня знойдзеш! Во вы перадасьцё гэта, а яны прыйдуць ды яшчэ са сваёй хаты выганяць”.
У штодзённым жыцьці толькі 5% апытаных нараўлянцаў спадзяюцца на дапамогу ўраду й парлямэнту.
Сёлета ў мястэчку адбываўся экспэрымэнт. Савет міністраў выпрабоўваў тут новыя мінімальныя стандарты сацыяльнага абслугоўваньня. Хутка яны прыйдуць ва ўсе астатнія населеныя пункты Беларусі. Усяго 44 парамэтры. Сярод іншага: вуліцы мусяць быць асьветленыя, а з кранаў павінна ліцца ня толькі халодная, але й гарачая вада.
Чыноўнікі пераконваюць: раённы цэнтар адпавядае усім патрабаваньням. Іншы погляд мае пэнсіянэр Уладзімер Бібік. Увогуле, гэты самы Бібік для тутэйшага райвыканкаму нешта накшталт стрэмкі ў назе. Рэгіянальны прадстаўнік фундацыі “Дзецям Чарнобылю”. Ніколі не баіцца казаць праўды ў вочы. Да таго ж нараўлянцамі паважаны.
(Бібік: ) “Гэтая стандартызацыя нічога добра не дае. Вуліцы як былі цёмныя, такія й засталіся. Я колькі разоў асабіста зьвяртаўся ў гаркамунгас, каб павесілі лямпы. Там вас могуць сустрэць такімі грубымі словамі, што з кабінэту лягчэй вылецець, чым зь імі размаўляць. Адказ адзін: вельмі дарагія лямпы, няма дзе іх браць. У кватэрах не хапае гарачай вады. На тыдзень толькі два дні даюць. Абсалютна недастаткова. Прэзыдэнцкая газіфікацыя. Што яна нам дала? Гэта не бясплатна, як яны кажуць. Кожны чалавек мусіць выдаткаваць ад 300 да 600 тысяч толькі на пачатку газіфікацыі”.
Больш за палову жыхароў Нароўлі ў вырашэньні жыцьцёвых праблемаў спадзяюцца толькі на саміх сябе. А яшчэ 18% нікому ня вераць.
Ня выключана, што па часе гэтыя лічбы зьменяцца. Зноў будзе модна давяраць найвышэйшай уладзе й спадзявацца на кіраўніцтва краіны. Зь мінулага ў мястэчка вярнулася ідэалягічная праца з насельніцтвам. Раіса Мілун хоць і пэнсіянэрка, але працягвае працаваць настаўніцай пачатковых клясаў. Я адшукаў яе праз старонкі раённай газэты “Прыпяцкая праўда”. Кідаецца ў вочы, што ўсё выданьне спрэс расейскамоўнае. Аднак яна пішае свае зацемкі па-беларуску.
(Мілун: ) “Усё гэта дакацілася і да нас. Нароўля падхапіла ідэалягічную працу. І цяпер ужо ў нас праходзяць палітінфармацыі. Кажуць, што трэба ўжо павесіць партрэт Лукашэнкі ў кабінэтах. Але я яшчэ яго не знайшла. Старым падабаецца, што пэнсіі даюць у час”.
(Карэспандэнт: ) “Але гэта яшчэ не нагода. Каб вешаць партрэты для дзяцей…”
(Мілун: ) “Я таксама думаю. Наогул не прыхільніца, каб іх вешаць, каб штодня нехта за сьпіною пазіраў на нас. Я лічу, што гэта ня трэба”.
У выніках шматлікіх сацыялягічных дасьледаваньняў нічога ня згадваецца пра кухню жыхароў Нараўляншчыны. А шкада. Сустракаюцца вельмі арыгінальныя стравы:
(Мілун: ) “Бярэцца мука, яйка, соль, цукар. Усё гэта перамешваецца. Блінцом размазваецца на патэльні. Падсмажыцца. Пасьля парэжце вузенькімі палоскамі. Закіпяціць малако і ўсыпаць як макарону. Паварыць, а пасьля есьці. Яны такія сьлізкія, смачныя, што адразу ў роце і таюць”.
Самае цяжкае — гэта дасьледаваць палітычныя настроі жыхароў Нароўлі. Тут прыхаваная незадаволенасьць. Аднак бальшыня робіцца шчырымі толькі пасьля трэцяй чаркі. Ну, а пра грамадзкую актыўнасьць сьведчаць такія лічбы.
У альтэрнатыўных выбарах прэзыдэнта, якія ў 1999 годзе арганізаваў Віктар Ганчар, удзельнічала 13 чалавек.
У 2001 агітаваць за адзінага кандыдата адыважылася тры чалавекі.
Да наступнай палітычнай кампаніі пакуль што плянуе спрычыніцца толькі адзін жыхар — усё той жа Ўладзімер Бібік.