29 сакавіка
Ліпічанская пушча неахвотна пускае да сябе і неахвотна адпускае.
Паспрабаваў зноўку прабіцца на пушчанскі бераг Нёмну — ізноў марна. За гэтым разам ехаў з боку Шасьцілоў, і гразкія весьнія дарогі перапынілі за колькі кілямэтраў да мэты; рызыкаваць не зажадалася, бо цямрэла, і я разьвярнуў машыну. Мой невыязны ад самага пачатку году “гольфік” прастаяў у стойле аж да вясны — усё ніяк не зьбяруся яго падрыхтаваць да тэхагляду ды прайсьці той тэхагляд. Дый здарылася гэтак, што надакучыў ён мне яшчэ ў мінулым годзе, але на раўнадзенства, дваццаць першага сакавіка, я пачуў голад і каханьне, ня ўрымсьціў, ускочыў у сядло і трухануў на пушчу гукаць вясну.
Да таго ж хацелася зірнуць на час: у гэтым акраі пушчы я ня быў мо гадоў дваццаць пяць ці трыццаць. Памятаюцца ад дзяцінства нёманскія паром і хутар, дык і заманулася раптам паглядзець на іхныя рэшткі й іхную адсутнасьць. Але ж мы з “гольфікам” — таксама час: кілямэтраў за пяць ад Стукалоў, б’ючы ў каляінах астанкі лёду, машына загразла, і я з гадзіны тры прачабохтаўся ў даволі няцёплых гразі й вадзе, між абломкаў апошняга лёду і першымі адапрэлымі жабамі. Круціў дамкрат, сёк лапы хвояў ды сухастоіны, масьціў імі шлях у сьветлае “назад” і ўжо надумаўся быў ісьці ў Стукалы па трактар, ды ўсё ж з ласкі невядомых і старажытных лясных духаў выцалапаўся на цьвёрды бераг, так і не даехаўшы да месца адсутнасьці парому і хутару...
Цяпер я маю дамкрат — падарыў мне яго адзін фэрмэр — ад трактара “Беларус”, і мне начхаць на дождж з навальніцаю. Фальцвагенаўскі дамкрат, які перайшоў да мяне разам з куплёнай машынаю, я зламаў яшчэ ў 1998 годзе, у часе першае і самае незабыўнае сідкі з усіх маіх гарованых сідкаў на пушчы “гольфікам”. Тады я хацеў асушаным полем абмінуць разьбітую лесавозамі грэблю, і ўжо амаль праскочыў, аж напрыканцы шляху зарыў машыну па самае пуза. Пачаў капаць і дамкраціць, ды ў дамкрат набілася гразі, і я парваў рэзь. Нічога не засталося іншага, як замкнуць машыну і пайсьці ўдалячынь і ўвечары, папоцемку прыбіцца да калгаснае фэрмы ў вёсцы Чырвоны Бор. Вечаровая дойка ўжо скончылася, але людзі з фэрмы не разышліся, і не стары, жвавы трактарыст гатовы быў мне падсобіць. Ён палка і шчыра рваўся насустрач невядомасьці, ды ягоная жонка, адная з даярак, ня выдала нам “пуцявога ліста” — дзяцюк быў п’яны.
Падсобіў мне вясковы пэнсіянэр, Мікалай Іванавіч, які жыў непадалёк фэрмы і меў свой уласны трактар, бязь дзьвёркаў, але з кабінаю. Мы ехалі зь Мікалаем Іванавічам церазь бясконцае мэліярацыйнае поле, знаёмымі кіраўніку брадамі ў асушальных равох, і ягоны трактар падаўся мне нейкім касьмічным апаратам, а навакольле — імаверным сьветам. Штось было ва ўсім тайнічае, неверагоднае, з паралельнасьці ці будучыні, і ў гэтым фантастычным акварыюме напалоханыя намі зайцы, што выйшлі на рунь, цяпер разьбягаліся ў розныя канцы ў сьвятле ліхтароў. І голас Мікалая Іванавіча, які апавядаў пра сябе і сваіх родных, і цёплы травеньскі вечар адбываліся вельмі ўтульна, як частка роднай, свае ўласнае душы... Мікалай Іванавіч выцягнуў мяне з гразі і зычліва ехаў за мною колькі кілямэтраў — ды недарэмна, бо ягоная дапамога спатрэбілася яшчэ двойчы; а каля вёскі Яблынька, за якою пачыналася добрая дарога, мы разьвіталіся...
Менавіта тады я падумаў, што пушча ня хоча адпускаць ад сябе; часьцяком я думаю, што неўясьнёна, невытлумна, без усялякае пэўнае прычыны мне таксама ня хочацца пакідаць гэтых мясьцінаў...
30 сакавіка
Божа, падбай пра цара...
Узяў сякеру, калёскі й пайшоў у лес па дровы — у гэтым годзе вецер наламаў горы хлуду. У лесе напаткаў суседа Тарасавіча: той праз боль у нагах, куляючыся як качка, шукае пустыя бутэлькі — рэдкі жаўцявы прыварак да нішчымнае пэнсіі. У Тарасавіча ногі баляць, як ён паведаміў, “пад падэшвамі”, а з хворымі нагамі ў бутэлечным бізнэсе надта не пракормісься; і гэты дзень таму пацьверджаньне — ніводнага паляўнічага трафэю. З нагамі й імі ж самімі, апавёў Тарасавіч, ён хадзіў да лекараў: выпісалі лекі, але іх нідзе не знайсьці — няма ні ў Мастох, ні ў Шчучыне, ні ў Горадні, ні ў Ваўкавыску…
Міжволі мне прыгадаўся выраз кагось са старажытнарымскіх імпэратараў: маўляў, лепш быць свіньнёю цара Ірада, чымся ягоным сынам. Бацька-цар узяў ды, чамусь не выносячы гэтае пытаньне на ўсенароднае абмеркаваньне, адшкадаваў сабе грошы на новы “Боінг”, а немачнаму сыну вялікага цара хоць ты лячыся ўрынаю... Шкада Тарасавіча, але і цара можна зразумець: столькі гадоў пралётаць на самалёце “Ту” — змуляецца троннае месца; да таго ж, калі ў каралеўстве будзе ўсяго часу сьвярбець у дзяржустанове, дык праз тое — толькі горай нам з Тарасавічам...
Божа, накармі цара ўсыць...
31 сакавіка
Чамусьці пачынаю прызабываць імёны і твары сваіх слаўных ваяроў...
Здохла мая сучка Лада. Хаця, ці мая? Пытаньне філязофскае: усе мы ці то чыесьці, ці то нічыйныя. Другая сучка, Гера, зажурылася і нават абвясьціла жалобную галадоўку. Дзед Валера, былы гаспадар Лады, кажа, што сучцы ня менш за дваццаць гадоў. Ладу прывезьлі зь вёскі колькі гадоў таму, калі ў мяне на падворку нечакана надарыўся сабачы вакуўм. Лада падыхала яшчэ ўзімку, яна павалілася пад паветкаю і не дала рады дайсьці да сабачніка. Я прыйшоў да яе, пагладзіў па поўсьці, паразмаўляў, сказаў, каб перадавала прывітаньне каму сьлед, і разьвітаўся. Яна немачна захыкала мне ў адказ.
Аднак назаўтра сучка крыху ачуняла, і не памерла, — аж умомант ператварылася ў старую здыхоту: высахла, прысьлепла, ейная поўсьць зрабілася шурпатым і нежывым лямцам, зьнік голас, ейныя косьці павыкручвала ў розныя бакі, да непазнавальнасьці зьмяніўся твар, да таго ж вылезла кіла. Але штовечар нейкі далёкі сабачы поцяг гнаў яе да дзьвярэй хаты: яна сядала на ганку і спрабавала вартаваць; я гладзіў яе па галаве, а яна сядзела дрыготна і хістка, ды, як і кожны тут, адзінока маўчала сам-насам са сваёй журботнай сьмерцю. Меркаваў зрабіць Ладзе эўтаназію, але чамусьці не зрабіў: прыстрэліць рука не паднялася, а паклікаць лекара так і не сабраўся…
Апошнія дні сучка не пакідала сабачнік на ноч і ня ела. Неварушка праляжала пад плотам, а ўчора ўвечары я выйшаў з хаты і пачуў, як яна плача. Яна рыдала кароткімі прыглушанымі стогнамі, напэўна, яна клікала мяне да сябе, але я не пайшоў: глядзець на ейную агонію не было сілы, а як дапамагчы ёй, я ня ведаў. Я вярнуўся ў хату, а наранку закапаў Ладу пры двары, дзе звычайна хаваю сваіх ваяроў, на лузе, накрыўшы яму дзёрнам, каб ня кошчылі куры.
Потым я вытапіў лазьню і сядзеў у ёй да таго часу, пакуль цені маіх слаўных вояў разьвеяліся ўшчэнт, а Нірвана ператварылася ў растопленыя мазгі...
1 красавіка
Новыя кухавары спасьцігаюць старажытныя рацэпты...
На лузе перад хатаю, дзе пахаваныя мае слаўныя воі, ёсьць выпадковая магіла лукашэнкаўскага міністра X. Неяк на кірмашы ў Заслаўі я набыў некалькі сардэлек, якія прывёз у Масты; есьці сардэлькі было немагчыма, і я іх аддаў сабакам. Але і сабакі адвярнуліся ад кілбасаў. “Што за прычыны?” — задаў я сам сабе пытаньне, і пачуў у сабе адказ — згалос валасатых прашчураў: “Ізноў чалавечына”. І першая думка, якая чамусь зьявілася ў гэтым, чамусь лягічным ланцугу, была: “А ці не лукашэнкаўскі гэта міністар X?” Пахаваў я генэрала на лужку, салюту не было, але гонар аддаў. Цяпер, калі зрэдзь выпадае апынуцца на кірмашы ў Заслаўі, я ўважліва прынюхваюся да мясных вырабаў: ці не аддае выраб лукашэнкаўскай даверанай асобаю N або лукашэнкаўскім апэратарам…
Калі йду па менскіх вуліцах, гідліва павяртаю позірк ад навакольных бройлераў, якія па-курынаму мітусяцца ў нашараваных да бляску членавозах… Калі заходжу ў дзяржаўную ўстанову, я стараюся стрымаць свае ваніты ад задушнага, як з кабана, духу кабінэтнага лівэру... Краіна задушэньня і ашчыканьня самадастаткова корміць самую сябе; тут уся піраміда ад верху і да нізу паспяхова асвоіла мэтады растаптаньня; паяданьне чалавечыны сталася нормаю, сьвятым рытуалам і выгодным бізнэсам: скуралупы навучыліся рабіць новыя, больш пругкія перапоны для ідэалягічных тамтамаў, фабрыкі асвоілі выпуск новых духмяных гатункаў мыла…
Нацыя са смакам абсмоктвае косьці новага, больш мясістага лукашэнкаўскага міністра: найлепшыя кавалкі і мазгі — важаку, плебс — няхай б’ецца між сябе за храшчы бяз хрэну і чалавечаскія яйцы бяз солі. Беларуская нацыянальная кухня не стаіць на месцы, меліць, трыбушыць, пускае церазь мясарубку… Няцяжка прадбачыць, што ў хуткім часе ў якойсь менскай рэстарацыі можна будзе замовіць новыя шэдэўры кулінарыі: якіясь галубцы, надзяваныя фаршам зь міністра Y або адбіўную зь міністра Z...
Першага красавіка й не такое прымроіцца…