Дзень за днём, як цень за аваднём...
Ад мамы гэты закон — у сьвятую нядзельку ні секчы, ні рэзаць, ні пілаваць, ні габляваць, ні нават вайстрыць сьцізорык. Хоць усё пералічанае даўно ўжо не раблю, ці хіба раблю ў згадках. Ды для сьвяточнага настрою яшчэ раз перачытаў рукапіс, ці дакладней друкапіс будучае кнігі Глеба Лабадзенкі, навучэнца няскоранага, сапраўды беларускага ліцэю. Гонкі й звонкі Глеб колькі ўжо гадоў гучыць мне па-крывіцку ўтрапёна, па-паганску шалёна, па-шляхетнаму вытанчана. Новая беларуская паэзія, амытае крынічнай вадой шчырасьці роднае, наскае слова. Гэта не гекзамэтровыя плачы па роднай мове. Тут і пагер-вершы, якія трэба слухаць вачыма. Глеб зьбеларушчвае пэйджэр. Піша без аглядку на спадкі:
І каровы бываюць з крыламі,
І анёлы бываюць бяз крыл.
Гэта радкі з “Кахалістоў” (лістоў да каханай). А ў “Здымках жыцьця” й маладое вока, і распрыгоненая, так бы мовіць, жарабцаватая жарсьць, як і ў бальшыні вершаў. Маладая сталасьць, яна асаблівая. Таму і ўражвае. Гэта вольны талент кажа: “верыць у гэтым сьвеце можна толькі сабе”, бо ўжо разумее, “што жыць — гэта ня толькі дыхаць”. Малады майстра задумваецца над вечным пытаньнем паэта ў гэтым жыцьці ў сцэнцы “Сьмерць Паэтаў”. Новае стагодзьдзе шукае сваіх паэтаў. Вядома ж, сярод маладых...
Панядзелак — дзень цяжкі. Адчуваў гэта канкрэтна на сабе, калі ў маладыя гады быў зацятым паклоньнікам Бахуса. А цяпер таксама бывае нялёгкім першы дзень тыдня па розных прычынах. І сёньня галава ў абручах ад перападаў ціску. Выйшаў заплаціць за кватэру. Цэны растуць. У чэргах кажуць, што грошы трэба й на бібліятэку імя... Сустракае малады хлопец з шалёнаватымі вачыма. Пытае, колькі мне гадоў. Кажу, што я з 1935 году. Нешта прыкідвае. Потым зноў пытаньне, ці ваяваў я. Каб адчапіцца, кажу, што спрабаваў ваяваць з камуністамі. “Правільна, забіваць іх трэба!” — амаль крычыць і ўдакладняе: “Жыдоў і камуністаў забіваць трэба”. Вымаўленьне прыродна расейскае.
У сувязі з ростам цэнаў згадаліся радкі, якія пісаліся ў гады разьвітога сацыялізму:
У заўтра наш поступ каменны.
У грошай мы не рабы.
Калі падвышаюцца цэны,
Падвышаецца дабрабыт.
І пры калхозным сацыялізьме аднадзёнкі з разьвітога надзённыя.
Даўно чуў, што ў Леніна, які дагэтуль агітуе за ўладу саветаў перад Домам ураду, апранаха зашпілена на жаночы бок. Сёньня, нарэшце, вырашыў паехаць і ўпэўніцца самому. Станцыя мэтро называецца плошча Леніна, а наверсе яшчэ плошча Незалежнасьці. Леніна ў падзямельле загналі, у бальшавіцкае падпольле. Даехаў да плошчы. Пераход быў накрэсьлены фарбай “Дом ураду”, “Плошча Незалежнасьці” па-беларуску. Зараз на трывалай шыльдачцы, якая засланяе беларускамоўнае, усё па-расейску. На адной шыльдачцы “ул.Свердлова”, а на ёй накрамзолена “убийца русского царя”.
Выходжу на паверхню. У сьнегавітым прыцемку душэўна сьвецяцца крыжы касьцёлу. Перад Домам ураду й перад Ленінам — глыбачэзны катлаван, ці не пад пастамэнт для новага стодзіва. Ленін засьнежаны, неабмецены. На пэнсіі. Голагаловы. Кепка ў руцэ. Палітон сапраўды захінуты на жаночы бок, на левы. Як гэта праглядзелі. Узгадалася чамусьці, як мая дачка Ілона некалі прыйшла зь дзіцячага садку й адмовілася есьці. Маці пытае, чаму. Адказвае: “А Ленін нічога ня еў, ён усё дзецям аддаваў, выхавацелька наша сказала”.
Узгадалася й ня гэтак даўняе, як на першых часох афіцыйнай незалежнасьці Беларусь у асобе свайго кіраўніка заявіла пра гатоўнасьць забраць рэшткі Леніна ў Менск, калі Масква будзе зносіць маўзалей. Неяк у размове з Генадзем Бураўкіным нагадаў яму пра такое інтэрвію. Мой плацінавы сябра Генадзь заўважыў, што і “Аўрору” можна дадумацца паставіць на беразе Сьвіслачы.
Калі мне сумна й самотна, калі пачынаю дзічэць, ваўчэць, іду ў “Коўню”. Тут могуць і Пэгаса падкуць на ўсім скаку. Ад пярсьцёнка й крыжыка — да рыцарскіх строяў, усё могуць майстры. Рыцарскія клюбы бяз “Коўні” як бяз рук. Усе мэталы паслухмяныя майстрам, якія закаханыя ў крывіцкую даўніну, у крывіцкую крэўнасьць.
І пасьля ўчорашняга паходу як бы на двухплашчэўе, пайшоў пагрэцца й гамонкай, і гарбатай, і жывым агнём. Сустрэцца з маім паратоўцам графам Пётрам Кухарскім. Ён ведае вартасную вагу вячніны й рыцарскасьць крывіцкага духу.
Сёньня мы зь Пётрам пабачылі сам працэс адліву мэдалёў. Завіхаўся Юрась Гудзіновіч. Робіцца форма. Потым паяльнай лямпай расплаўляецца срэбра з манэтак, з кавалачкаў і заліваецца ў форму. А каб гарачы сплаў запоўніў усе праточыны, форма раскручваецца ў бляшанцы. Так бы мовіць, цэнтрабежнае ліцьцё. Якраз жароўню разьвінае майстра. Жароўня — паходня пастухоў, пасьляваенных шкаляроў. Жароўняй грэліся, кружляючы яе ў руцэ, значылі зьлістападжаныя й засьняганыя сьцежкі, калі раненька йшлі ў школу з далёкіх вёсак. “І ваўкоў палохалі”, — дадае Генадзь Асташонак, майстра з вытанчаным густам. Пытаюся, ці ён сам хадзіў з жароўняй, адказвае, што старэйшы брат.
А паяльная лямпа й графу й мне нагадала смаленьне вепрука. Увогуле, роздумна глядзець, як плавіцца, растае срэбра. Плавяцца літары, якія нешта даказваюць, сьцьвярджаюць, вызначаюць цану, плавяцца абліччы валадароў. Зямля й срэбра хочуць заставацца чыстымі, імкнуцца пазбыцца ад манумэнтаў, стодаў, ад выяваў, ад прымесаў. Жыцьцё прызнае толькі чысьціню і свабоду.
Зямля скідвае зь сябе навешаныя ёй стоды й стодзікі. І людзі самі па-рознаму чыняць такое. На шарэньніку перабудовы азэрбайджанскія сябры з каўкаскай пад’ялдычынкай распавялі, што здарылася са стодам Кіраву незьлічонамэтровым, які скамянелай хмарай высіўся над Баку. Кіпетнекроўныя вогнепаклоньнікі спакойна давялі, што стод у аварыйным стане, яго трэба зьняць, каб падлячыць, захаваць для вякоў. І суразмоўца мой яшчэ ўдакладніў: “А помнік Кіраву ў сквэрыку нехта ноччу ўкраў”. У нас ня ўкрадуць! Пільнасьць ва ўсім.
Усё радзей і радзей чую на вуліцы беларускае слова. Яно гучыць мне з маленства з родных мясьцінаў маміным голасам. Занатоўваю.
Тэлевізар не гляджу з брэжнеўскіх часінаў, калі казалі, што па тэле ўсё пра яго й трошкі пра надвор’е. Кіруюся парадай Васіля Быкава: толькі за працу й трэба трымацца... Гэта ён у 2000 годзе тэлефанаваў мне ў Вушачу з Бэрліна. А, наагул, чалавеку ўтульней за ўсё жыць ва ўспамінах, заслоненаму ад палітычных вятроў, бо
У рай ні на таксі, ні трамваем
Ня ўехаць,
Як бы там хто ні рыпаўся.
Сацыялізм —
Стойлівае ўтрыманьне.
Капіталізм —
Здратаваныя выспы...
Мама казала мудрэй: “Там добра, дзе нас няма...”
Пётра па-лекарску дасьведчана суцяшае: “Не хвалюйся, дзядзька, у гэтым стагодзьдзі ўсе памрэм”.
Памрэ і ўся благата.
Пры ўсіх сумных роздумах і развагах лічу: беларусы — экспэрымэнтальная нацыя ў пана Бога. А любы экспэрымэнт ставіцца на добры вынік. Іншая рэч, колькі будзе доўжыцца экспэрымэнт.
Заўсёды помніцца, як у цяпер ужо даўнія часіны з усяго, што можна, гучала: “Партыя ўрачыста агалошвае: цяперашняе пакаленьне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізьме”. Нават год быў вызначаны — 1980. Уладзімер Караткевіч як бы на гэты лёзунг напісаў іскрыста-п’янлівы верш “Заяц варыць піва”. Заключныя радкі зьедліва ўсьміхаліся:
Пабачыш — не гані з абсады,
Дай хоць на гэты міг спакой.
Павінна ж быць і ў зайца радасьць
Перад халоднаю зімой.
Зімы ў нас штогод усё болей капрызныя й падступныя. Як і сёлетняя. Але перазімуем. Маладыя мусяць дачакацца выніку Боскага экспэрымэнту.