“Беларуская крыніца”, 1934 год:
“У віленскае радыё ня ўсім вольны ўваход. Беларусы там і нагой не бываюць; за іх бывае часамі хто іншы і нібы па беларуску пяючы прадстаўляе беларусаў. Часамі здараецца пачуць і з віленскага радыё беларускую песьню, але гэта бывае пародыя, бо калі не з галіцыйскім, дык з кастрамскім акцэнтам. Прыкладам, 25.01 с.г. надавалася паводле праграмы, нібы беларускай, “што таньчыць і сьпявае падвіленская вёска”. Слухаючы гэта, складвалася ўражаньне, што аўтары гэтай праграмы ня толькі ніколі і ў вочы ня бачылі падвіленскай вёскі, але аб ёй ня маюць ніякага паняцьця”.
“Вечерний Минск”, 1984 год. Расьціслаў Янкоўскі пра выбары ў Вярхоўны Савет:
“Сёньня ў нас вялікае сьвята — дзень трыюмфу савецкай дэмакратыі. Усе савецкія людзі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свае галасы за выбраньнікаў народу, прагаласаваць за далейшы росквіт нашай Радзімы, за мір, за сьветлую будучыню… Вельмі добра сказаў таварыш К.У.Чарненка: толькі грамадзка карысная праца надае вагу жыцьцю чалавека. Я шчасьлівы ад таго, што сваім мастацтвам служу народу”.
“Рэспубліка”, 1994 год:
“Беларусі пагражае поўнае спыненьне паставак газу з Расеі, калі тэрмінова ня будзе пагашаная запазычанасьць, якая дасягнула 500 мільярдаў рублёў. Такая сутнасьць тэлеграмы, якая прыйшла да адрас кіраўніцтва рэспублікі ад расейскіх пастаўшчыкоў блакітнага паліва. Віцэ-прэзыдэнт канцэрну “Паліва і газіфікацыя” камэнтуе сытуацыю: “Падача газа на сёньняшні дзень скарацілася амаль на 40%. У падобныя абставіны энэргетычная галіна Беларусі ўжо трапляла. І заўсёды атрымлівалася знайсьці нейкае выйсьце, адвесьці бяду. Спадзяемся, і цяпер заслонкі на шляху блакітнага паліва ня будуць зачынены наглуха”.