Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 26 ЛЮТАГА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская газэта”, 1944 год:

“Дня 25.ІІ. працоўнае жыхарства Менску, сабраўшыся на Пляцу Волі ў масавую дэманстрацыю, выказала свой пратэст супроць намераў бальшавіцкае Масквы паняволіць нашую Бацькаўшчыну, зьвярнуць у Менск розных сваіх катаў на чале з прыблудай Панамарэнкам, пусьціць тот ізноў у рух жудасную машыну НКВД. Шмат, вельмі шмат “працы” мела-б тут гэтая машына, калі-б толькі Панамарэнка мог вярнуцца сюды зь ёй. Недарэмна-ж гэты кат беларускага народу зьмясьціў у “Праўдзе” артыкул, у якім цынічна заявіў, што ўсе “добрыя” беларусы яшчэ перад прыходам немцаў уцяклі зь Беларусі, а пад немцамі засталіся толькі ворагі беларускага народу”.

“Голас Радзімы”, 1974 году:

“У лютым-сакавіку гэтага году ўпершыню ў Савецкім Саюзе праводзіцца чэмпіянат сьвету па біятлёну. Месцам спаборніцтва выбраны маляўнічы куток непадалёку ад Менску. Тут узводзіцца спартова-масавы комплекс “Раўбічы”. Спартовы комплекс у Раўбічах, першая чарга якога прынята аўтарытэтнай камісіяй напярэдадні чэмпіянату, на сёньняшні дзень ня мае роўных сабе ў нашай краіне і за рубяжом. Такая думка арганізатараў спаборніцтваў і спартовых кіраўнікоў, якія ўважліва вывучылі трасу і тэхнічнае забесьпячэньне будучага першынства”.

“Звязда”, 1994 год.

Валянцін Жданко задае пытаньне Івану Антановічу: “Як вы ацэньваеце фэномэн Аляксандра Лукашэнкі? Ці ня зьвязваеце вы гэта імя з будучыняй Беларусі? І ці ня можа ўяўляць гэтая фігура для краіны пры пэўным зьбегу абставін небясьпеку?”

Доктар філязофскіх навук адказвае: “Сёньня ў грамадзкай сьвядомасьці Лукашэнка — герой. Сам факт падняцьця праблемы карупцыі такім рашучым чынам — сапраўды, мужны ўчынак. Ён заслугоўвае добрага слова. Аднак жа Лукашэнка неяк раптоўна зьвязаў факт антыкарупцыйнай дзейнасьці са сваімі палітычнымі намерамі. Тут і перавыбары Вярхоўнага Савету, а цяпер кажуць і пра прэзыдэнцтва. Мая думка: Лукашэнка — цікавы малады палітык. Спадзяюся, ён яшчэ пагартуецца многа гадоў у Вярхоўным Савеце. Гэта пойдзе яму на карысьць. Любая іншая роля была б для яго цяпер, можа, і небясьпечная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG