“Віцебскі пралетарый”, 1934 году:
“1 мая самалёт-гігант “Максім Горкі” будзе рэяць над совецкай зямлёй”. “1 мая над краінай Советаў узьнімаецца гігант совецкага самалётабудаўніцтва “Максім Горкі”, лепшы ўзор дасягненьняў нашай авіяпрамысловасьці. К ХVІІ партзьезду пабудова самалёта, якую вядзе ЦАГІ, была ўжо закончана на 2/3. У будаўніцтве самалёта прымалі ўдзел 50 лепшых заводаў, інстытутаў і лябараторый Саюза, вырабляючых маторы, аэранавігацыйнае абсталяваньне, прыёма-перадатачную станцыю, кіно абсталяваньне, кіно-фота абсталяваньне, аўтаматычную тэлефонную станцыю, друкарскае абсталяваньне, электрастанцыю, пнэўматычную пошту, пражэктары і іншае снаражэньне, неабходнае для штодзённай работы паветранага агітатара — “Максіма Горкага”. На пабудову самалёта на сёньняшні дзень сабрана звыш 5 мільёнаў рублёў”.
“ЛіМ”, 1954 год:
“Нядаўна студыя “Беларусьфільм” закончыла дубліраваньне на беларускую мову мастацкіх фільмаў “Караблі штурмуюць бастыёны”, “Васа Жэлязнова”, “Застава ў гарах”. Зараз ідзе дубліраваньне новых фільмаў — “Чэсьць таварыша” і “Вялікі воін Албаніі Скандэрбег”. У бліжэйшы час беларускія варыянты фільмаў будуць дэманстравацца на экранах. Апрача таго, дубліраваны на беларускую мову каляровы навукова-папулярны фільм “Расказ аб зялёных квадратах”, а таксама апошнія нумары саюзнага кіночасопіса “Навіны дня”.
“Чырвоная змена”, 1964 год. Ліст Лены Радзевіч з Радуні:
“Мне 19 гадоў. Некалькі гадоў назад я вельмі верыла ў бога, многа малілася, часта хадзіла ў касьцёл. Я верыла, што бог дапаможа мне ў жыцьці. Але малітвы не дапамаглі. Камсамольцы, старэйшыя таварышы ўдзялялі мне многа часу, давалі чытаць цікавыя кнігі, расказвалі аб тым, што ксёндз ашуквае людзей. І я перастала хадзіць у касьцёл. Маё жыцьцё стала цікавым, захапляючым. Я нібы зноў нарадзілася. Цяпер чытаю кнігі, слухаю радыё, хаджу ў кіно, на танцы. А нядаўна мяне прынялі ў камсамол. Цяпер я працую на гароднінасушыльным заводзе. Выконваю камсамольскія даручэньні. Жыцьцё маё напоўнена хваляваньнямі, радасьцю. І такім яго зрабілі не малітвы, а добрыя сябры-камсамольцы”.