Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 26 СТУДЗЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1914 год:

Нa з’ездзі вучыцелёў народных ніводзін беларус не падняўся на абарону свайго народу. Усе націі гаварылі аб сваей нядолі, апаведалі, як у чужой школі чужые людзі калечуць душы дзіцячые. Востры пратэст украінцоў ажно спалохаў сыноў цемры, ворагоў волі народоў. Маўчаў толькі беларус; ён баяўся. Векавечны уціск забіў у ім гордасць чэлавечу, — і беларускі вучыцель не адважыўся сказаць тые словы, каторые самі ціснуліся на яго вусны: “дрэнна у нас… душы дзяцей чужой мовай калечуць… сціраюць імя беларускае…” З яго грудзей ня вырваўся цьвёрды, сьмелы голас вольных сыноў стэпоў украінскіх: “Людзьмі хочэм быць і будзем!” Маўчалі нашы настаўнікі. Але не маглі змаўчаць тые шчырые сыны Беларусі, каторым ужо німа чаго баяцца: палітычные ссыльные. У рэдакцыю “НН” прыйшла с Кірэнска гэткая тэлеграма: “Горкім жалем сціскаецца сэрцэ ад сумнай весьці, што Беларусь ня мела абаронцаў роднай мовы на настаўніцкім з’ездзі. Пагарда і сорам вам, настаўнікі-беларусы”.

“Знамя юности”, 1964 год. Пра таксаматорны парк №2 Менску:

“Сакратар партбюро таксапарку В.Дабрахотаў паведаміў, што артыкул абмяркоўваўся ў калектыве і на паседжаньні партыйнага бюро. Факты пацьвердзіліся. Як прысвойвалі званьні, думка грамадзкасьці, калектыву ня ўлічвалася, больш за тое, іх наогул не прыцягвалі да абмеркаваньня кандыдатураў. Групе кіроўцаў, пра якіх ішла гаворка ў артыкуле, званьне было нададзена загадам дырэктара. Разумеючы ўсю грубасьць дапушчаных памылак, партыйнае бюро сумесна зь мясцовым камітэтам паставілі перад сабой задачу выправіць існы стан рэчаў. Усе брыгады ўключыліся ў спаборніцтва за званьне калектываў камуністычнай працы. Абмеркаваньне кандыдатураў і наданьне званьняў будуць адбывацца на агульных сходах”.

“Экологический вестник”, 1994 год:

“Рашэньнем афіцэрскага сходу ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Берасьцейскай вобласьці Пінскай школе-інтэрнату для дзяцей-сіротаў перададзены сканфіскаваны на мяжы гульнявы аўтамат “Пінг-Бол”. Начальнік упраўленьня Юры Арцем’еў асабіста прывёз падарунак, сустрэўся зь дзецьмі, распавёў ім пра нялёгкую працу супрацоўнікаў дзяржбясьпекі. Пасьля выступленьня кіраўнік вельмі сур’ёзнага ведамства разам зь дзецьмі выпрабаваў аўтамат у дзеяньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG