Тым большае зьдзіўленьне выклікаюць выказваньні Туркмэнбашы ў падтрымку шарыяцкага звычаю мусульманаў мець некалькі жонак, якія ён зрабіў сёньня ў горадзе Мары. Мы зьвярнуліся да супрацоўніка туркмэнскай службы Радыё Свабода Назара Худайбердыева з просьбай патлумачыць, з чым зьвязаныя гэтыя выказваньні.
(Худайбердыеў: ) “Падчас сваёй паездкі па рэгіёнах Туркмэністану Сапармурат Ніязаў 6 чэрвеня быў у Марыйскай вобласьці, дзе сказаў, што ён атрымаў перад прыездам некалькі ананімных лістоў на губэрнатара вобласьці Шарыкуліева. У адным з гэтых лістоў ён абвінавачваецца ў тым, што мае некалькі жонак. Як заявіў Ніязаў, мець некалькі жонак – гэта ня грэх, калі ты можаш іх забясьпечыць. У Каране гаворыцца, што можна мець да чатырох жонак. А паколькі туркмэны заўсёды маглі забясьпечыць сям’ю – дык калі ласка, бярыце столькі жонак, колькі можаце забясьпечыць!
Сапармурат Ніязаў яшчэ ў канцы 1999-га году закрануў гэтае пытаньне на паседжаньні Савету Міністраў Туркмэністану. Ён сказаў, што напрыканцы дваццатага стагодзьдзя зьбярэцца Маслахаты – рада старэйшынаў, і там будзе зацьверджаная на законнай падставе палігамія ў Туркмэністане. Старэйшыны потым абвесьцілі Ніязава вечным прэзыдэнтам Туркмэністану, а пра мнагажэнства забыліся. І вось цяпер ён зноў успомніў пра гэта”.
Паводле словаў Назара Худайбердыева, мнагажэнства ў прынцыпе не ўласьцівае туркмэнам, цяперашні мэнталітэт якіх фармаваўся за савецкім часам. Супраць гэтага выступаюць ня толькі жанчыны, але і мужчыны, таму што ў Туркмэністане зараз многія людзі ня могуць забясьпечыць матэрыяльна звычайную сям’ю – ня тое што зь некалькімі жонкамі.
Што стаіць за падобнымі словамі Туркмэнбашы? На гэтае пытаньне Назар Худайбердыеў адказвае так:
(Худайбердыеў: ) “Відавочна, Сапармурат Нізаў падтрымлівае тых кіраўнікоў, у якіх ёсьць грошы і матэрыяльныя магчымасьці. Таму ён сваімі выказваньнямі падтрымлівае гэтых чыноўнікаў, а яны ў сваю чаргу, падтакваюць яму, падтрымліваючы тым самым аўтарытарны рэжым”.
Назар Худайбердыеў адзначыў яшчэ адзін немалаважны факт – жонка Ніязава, а таксама ягоныя дзеці і ўнукі, жывуць па-за межамі Туркмэністану: хто ў Бэльгіі, хто ў Расеі, хто ў іншых краінах…