Лапці – рэч сымбалічна-сэнтымэнтальная. Савецкая эпоха абула нашую гісторыю
ў лапці, а беларуская інтэлігенцыя абула ў іх сваю любоў да народу.
“А што яны нясуць на руках у крыві, на нагах у лапцях?” – выгукнуў на
пачатку стагодзьдзя Купала і ўвёў лапаць у шэраг адметнасьцяў беларуса.
Але ўжо ў сярэдзіне стагодзьдзя адзін з гэрояў коласавай “Дрыгвы” Марка
Балук крычыць: “Стой! Лапаць ськінуўся!” Гэтыя словы – пароль, пасьля якога
пачынаецца кароткая сутычка арыштаваных з канвоем. Зброя апошніх пераходзіць
у рукі першых. Гэта – пачатак барацьбы…
З паходжаньня слова лапаць – радня лапіка. Можа таму мы імкнемся залапіць
лапцем нашае невуцтва, нашую няведу саміх сябе. Лапаць як паказальнік беднасьці
робіць лапатнай гістарычную сьвядомасьць.
Між тым гэты абутак быў тыповым толькі ў некаторых рэгіёнах Беларусі
і не таму, што там буяла беднасьць, а таму, што выцягнуўшы нагу з балота,
лапаць ня трэба было здымаць, каб выліць ваду.
Абуць у лапці. На лапці не аб’ехаць. Плесьці кашалі з лапцямі. Лапаць
знай лапця, а бот – бота, – выразы добра вядомыя, але, як і сам плецены
з лыка лапаць, мала ўжывальныя. Куды часьцей ужываліся пасталы – з тоўстага
скурата, копсьці – са скуры поўсьцю ў сярэдзіну, ці падшытыя скурай лабакі.
Паводле спосабу вытворчасьці яны таксама лапці, паводле матэрыялу – не.
Польскае слова лапці – запазычанае зь беларускай, украінскай і расейскай – у кожнага свае, чэскае – магчыма з польскай. Найбольш пашыраныя вытворныя – лапцюжнік, лапцюжны, лапцяваты – усе яны азначаюць бедны, нязграбны, непрывабны, адсталы. На прыканцы стагодзьдзя Беларусь які ўжо раз наблізілася да лапцюжнасьці. Можа гэтая акалічнасьць абудзіць зь нябыту згаданы заклік да свабоды: “Стой! Лапаць ськінуўся!?” Сяржук Сокалаў-Воюш