Культ - слова ня наскае, гэта лаціна, і этымалягічны слоўнік беларускай
мовы сьцьвярджае, што запазычанае яно праз расейскую мову. Той, хто
ведае традыцыі лаціны ў Беларусі і беларускай лацінкі, з гэтай высновы
акадэмічнага мовазнаўства ня стане рабіць культу, а проста пасьмяецца.
Паняцьце "Культ" зьвязанае з рэлігіяй - абагаўленьнем. Гэтае слова
часьцей за ўсё гучала ў Беларусі ў сярэдзіне 50-х, калі прапагандысты зачытвалі
сакрэтны даклад Мікіты Хрушчова на ХХ зьезьдзе кампартыі: тлумачэньне зьверстваў
камунізму культам адной асобы было надзвычай папулярным і эфэктыўным сродкам
падмены паняцьцяў і падману народу. Удала знойдзеная формула затрымала
адкрыцьцё праўды і вяртаньне справядлівасьці на дзесяцігодзьдзі - сам выраз
"культ асобы" стаўся культам.
Корань "культ" напрасткі зьвязаны з культурай, уваходзіць у розныя складаныя
словы, якія існавалі адно ў савецкай мове - культпаход, культтавары, культмасавы,
культармеец. Апошняе ўтварэньне ўжо зусім блізкае да "кулі" - і хоць
этымалягічна "куля" ня мае ніякага дачыненьня да "культу", праз камунізм
гісторыя ХХ стагодзьдзя даводзіць гэтую сувязь бяспрэчна.
Аляксандар Лукашук
Самае папулярнае
1