Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краты


Краты ёсьць ерогліфам свабоды.

Прасьцейшы за краты толькі крыж. Ён зашыфраваны ў кратах ці наадварот - краты зашыфраваныя ў крыжы.

Краты - адно з фундамэнтальных геніяльных вынаходзтваў чалавецтва. Прырода ня ведае кратаў, як ня ведае кола. Гэта плён чыста чалавечага розуму. Разумнае жыцьцё на іншых плянэтах напэўна немагчымае бяз кратаў - лёгкай і эканомнай канструкцыі, якая надзейна перакрывае прастору, ня дзелячы яе намертва як гэта робіць, напрыклад, сьцяна.

У кратах ёсьць намёк на свабоду - так барханы пустыні нагадваюць марскія хвалі.

Краты ўражваюць ляканічнасьцю і выразнасьцю знаку: складзіце дзьве пары пальцаў наўскрыж - і ў Беларусі ў любым з 99 мінулых гадоў стагодзьдзя вас зразумеюць бяз словаў людзі самага рознага паходжаньня, адукацыі, але аднолькавага жыцьцёвага вопыту: няпісьменны слуцкі селянін-паўстанец і акадэмік-нацдэм, верніца-баптыстка і менскі школьнік, студэнт унівэрсытэту і журналіст.

Краты - мова, на якой чалавек размаўляе зь дзікімі зьвярыма і зьдзічэлымі homo sapiens. Праўды, зусім ня краты вызначаюць, хто знаходзіцца на якім іх баку - хто закратаваны, хто не.

Апатэоз кратаў наступіў у ХХ стагодьдзі, калі за кратамі пабывала людзей больш, чым за ўсе папярэднія разам узятыя. Краты - безумоўны сымбаль стагодзьдзя, ягоная родавая адзнака.

У беларускую мову краты прыйшлі з лаціны. Статут рабоча-сялянскай чырвонай арміі, які ў 20-я гады быў надрукаваны ў Беларусі, патрабаваў, каб перад уваходам у казарму абавязкова ляжала "кратка для абціраньня ног". Гэта ці не адзіны выпадак спробы пашырэньня сэмантычнага поля слова, якое нашае стагодзьдзе намёртва загнала ў адзін шэраг са словамі арышт, этап, кайданы, турма, саветы і, канешне, першы прэзыдэнт.

Аляксандар Лукашук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG