Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кар'ер


У гэтым слове -- і крык парушанай Зямной кары, і кароткая скарга падрэзаных каранёў, і бязладнае карканьне чорнага птаства над ператворанымі ў сьметнікі былымі капальнямі. Кар'еры -- мёртвая зямля, узрэзаная бульдозэрнымі тракамі й спапялішчаная самазвальнымі каляінамі, спустошаная й пакінутая да другога ледавіковага прышэсьця.

Пясчаныя кар'еры пад летапісным Заслаўем выглядаюць як сапраўдныя пустэльні, дзе вецер перасыпае жоўтую пытляванку ад выдмы да выдмы. Хіба што няма вярблюджых калючак, і не відно караванаў.

Улетку ў заслаўскіх кар'ерах практыкуюцца будучыя скульптары зь Беларускай акадэміі мастацтваў. І на пясчаных адхонах зьяўляюцца постаці волатаў і вялікіх князёў, паўстаюць фартэцыі і замкі. Зь першым дажджом яны зьнікаюць. Як відзежы.

Вапнавыя кар'еры ў Росі пад Ваўкавыскам падобныя да скандынаўскіх фіёрдаў -- каб вялікагрузныя аўтамабілі ня сьлізгаліся ў дажджэвіцу на выязьдзе, дарогі пасыпалі адмысловым рэчывам, ад якога вада ў кар'ерах набыла незвычайны малахітавы колер. З высокай стромы відно, як у ярка-зялёных хвалях мільгаюць даўгія чырвоныя рыбіны.

Кар'ер -- гэта парушаны культурны слой, патрывожаная памяць. Гэта кара й помста тым, хто жывую плоць Зямлі кроіў ашчэранымі экскаватарнымі каўшамі.

Герой рамана Васіля Быкава "Кар'ер" асуджаны перабіраць па шчопцях кар'ерную гліну, шукаючы сьлядоў блізкага чалавека.

Беларусь менавалі лапцюжнай, сярмяжнай, сінявокай, азёрнай... Але ёсьць яшчэ й Беларусь кар'ерная.

Міхась Скобла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG