Ох і любім жа мы беларусы ўхваляцца, упівацца сваёй рахманасьцю ды пакорлівасьцю.
Ужо ж такія мы паслухмяныя, гэткія спакойныя, ажно сумнеў бярэ, ці бывае
ўвогуле ў сьвеце гэтулькі трываньня і цярплівасьці ў адным месцы?
А скажу ж я вам – бывае. Пэўне, такая нашая канстытуцыя, будова,
гэткае ўстанаўленьне, склад нашай псыхікі. І якую ты нам Канстытуцыю
звонку не падкінь, як не ўсталюй нашую дзяржаўную будову, як ня зьменьвай
склад, усё роўна мы будзем цярпліва чакаць, калі і хто дазволіць жыць лепей.
Як станеш чытаць якія гістарычныя нарысы, дык толькі дзівісься – чаму
продкі здабывалі і мелі, а мы толькі страчваем тыя набыткі, разбураем тую
будову.
Якога ж мы складу, якое будовы? Няўжо маем канстытуцыю разбуральнікаў?
Як добра ўгледзецца, дык якраз тое і відно. Складна, ладна, пэўне, жылося
ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Дбайны Леў Сапега склаў Статут і быццам
умацаваў гэтай Канстытуцыяй наш нацыянальтны пазваночнік. Падаецца,
нават, што ён здолеў перамяніць векавечную нашую збудову, наш склад.
Вядома, там рай – дзе нас няма. І Канстытуцыя самая мудрая, пакуль
ня стане тваёй канстытуцыяй і тваім устанаўленьнем, нічагуткі ня
будзе адбывацца акром трывушчага чаканьня.
Адно беларускае дзіцятка акрэсьліла дакладней нашае канстытуцыйнае
бытаваньне і пачуваньне, спытаўшыся:
– Мама, а кастытуцыя, гэта калі шмат касьцей?
Антаніна Хатэнка
Самае папулярнае
1