Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губэрнатар


Апошнім часам гэтае слова ўсё больш навязьліва стракаціць у беларускіх газэтах, гучыць з радыё і тэлевізіі. Журналісты, зацыкленыя на расейскіх падзеях, аўтаматычна ўводзяць яго ў беларускі палітычны лексыкон.

«Гу-бэр-на-тар» — гучнае, фанабэрыстае рэха данесла нам гэтае слова бязь зменаў са Старажытнага Рыму. Не зьмяніўся і ягоны зьмест — валадар, уладца, загадчык, прызначаны кіраваць кавалкам краю.

За часоў Расейскае імпэрыі Беларусь была падзеленая на губэрнi. Вiцебская губэрня разьлягалася ледзь не да Эстонii, а Браслаўшчына ўваходзiла ў губэрню Ковенскую. На чале губэрняў стаялi прысланыя з Расеi чыноўнiкi — губэрнатары, якiя разглядалi сваю пасаду як прыступку да далейшае кар’еры. Напрыклад, гарадзенскi губэрнатар Сталыпiн па вяртаньнi на радзiму стаў мiнiстрам унутраных справаў.

Губэрнатараў прызначаў цар. Яны падпарадкоўвалiся толькi сэнату й пракуратуры ў далёкiм Пецярбургу. Дзясяткi губэрнатараў зьмянялi ў нас адзiн аднаго. Сярод іх былi розныя людзi — адныя расстрэльвалi, другiя садзiлi паркi, але iх усiх лучыла тое, што яны былi ў Беларусi чужыя.

Пасьля 1917 году губэрнатараў ня стала наогул. I пра iх забылiся. Напрыклад, iмёны апошняга вiленскага губэрнатара, нейкага Вяроўкiна, альбо вiцебскага, нейкага Галахава, ужо нiчога нiкому ня кажуць. Адзiная беларуская губэрня без губэрнатара была Гомельская, утвораная ў савецкай Расеi ў 1919 годзе, пакуль яе не далучылi ў 1926 годзе да БССР. Няма Расеi — няма i губэрняў з губэрнатарамi.

Адпаведна, называць сёньня словам ГУБЭРНАТАР цяперашнiх вэртыкальнікаў — кiраўнiкоў беларускiх абласьцей, што часам робяць нашы журналісты — памылка. Гэта тое самае, што называць іх ваяводамі, на ўзор нашай другой суседкі — Польшчы. Губэрнатар — гэткай пасады ў Беларусi няма. На чале ўлады ў вобласьцi стаiць СТАРШЫНЯ АБЛАСНОГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМIТЭТУ. Даўжэй, але слушна i па-беларуску...

Сяргей Харэўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG