Гной пахне вясною. І гэты пах займае нам дух, пакуль не ўзрастуць
вакол нас краскі жыцьця.
Дзе тоўпіцца быдла -- там топчыцца гной і ўсё жывое высмоктваецца
й загнівае, сабраўшыя ў адным стойле. Некаторыя ж узялі ў галаву
дурное і даводзяць, што народ і ёсьць тое быдла, якое невуцтва й цемрашальства...
Не, шаноўнае спадарства! Быдла ня ёсьць народ. Але й ваша праўда --
гной адтуль.
І нездарма, відаць, так кучна таўкуцца ў вастрозе беларускага слоўніка
словы гнёт, гнеў, гнюс, гном і гной...
А калі гною зьбіраецца многа, то мы задобрываем ім зямлю бацькоў
сваіх, каб радзіла яна для дзяцей нашых.
Што праўда, ад рознага быдла -- іншы гной, які мае сваю адметнасьць
і форму, і колер, і пах... Але сутнасьць яго -- адна. Ён касмапалітычны,
бо прыжываецца на любой зямлі й робіць яе хлебадайнай. І хоць разбурае
арганічную самабытнасьць яе, а ўсё ж пакідае семя ў сувэрэннай памяці для
адраджэньня.
Згноена...
Ёсьць людзі, якія лепяць зь яго свой дом пад небам, і такія, што ўшчыняюць
зь яго вагонь для дома -- і так грэюцца пры вечнасьці роду свайго.
Леанід Галубовіч
Самае папулярнае
1