Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў



У 61-м годзе я пайшоў восеньню ў школу ў першую клясу. Якраз тады ўвосень у нашай вёсцы Качановічы, што на Піншчыне, пачалі зносіць старую праваслаўную царкву, пабудаваную недзе на прыканцы XVIII стагодзьдзя.

Дзеля гэтага ў нашу вёску прывезьлі камсамольцаў-актывістаў з усяго раёну. Далі ім шмат гарэлкі, каб сумленьне ўтапіць, і тыя пачалі сваю чорную справу. Спачатку прывязалі трос да царкоўнага крыжа. Зламалі трактарам крыж, а потым і астатняе пачалі ламаць.

Усе каштоўныя рэчы параскрадалі яшчэ да гэтага – потым іх ужо ніхто ня бачыў. Сярод скрадзеных каштоўнасьцяў была знакамітая ў акрузе пазалочаная чаша.

Бляхі, якім быў пакрыты дах царквы, забраў дырэктар школы Казьлякоўскі, ды адвез на Гомельшчыну – кажуць, пакрыў там імі свае хаты й хлявы. З царкоўнага бярвеньня пабудавалі школу. Але потым аказалася, што ў ёй няма каму вучыцца, і са школы пабудавалі дзьве хаты ў суседніх Калоўвічах, якія і дагэтуль там стаяць. Але людзі, якія там жывуць, ня вельмі хочуць успамінаць, што іншыя хаты пабудаваныя са зьнішчанай царквы.

На месцы царквы зрабілі спартовую пляцоўку. Разам з царквою зруйнавалі дзьве цагляныя каплічкі, зь якіх зрабілі фундамант для той школы.

Найбольш мне запомнілася, як паўсюль, і ў нутры напалоўразваленай царквы, і на двары былі раскіданы абразы і шмат кніг царкоўна-прыхадзкое школы – на розных мовах, лацінкаю былі некаторыя.

Старэйшыя людзі, напэўна, баяліся іх забіраць – каб ня трапіць пад падазрэньне. А на мяне – малога хлапчука – ніхто не зьвяртаў увагі… Памятаю, што мне было вельмі шкода гэтых кніжак. Хацелася іх уратаваць, і я наважыўся – напхаў у свой школьны партфэль кніжак колькі ўлезла ды пабег да хаты. Потым вярнуўся і яшчэ назьбіраў. Не памятаю ўжо – колькі разоў так вяртаўся, але за некалькі дзён нанасіў шмат кніжак і абразоў таксама. Два абразы дагэтуль у бацькоўскай хаце вісяць.

Прыйшлося мне нацярпецца шмат кпінаў ад аднаклясьнікаў ды ад настаўнікаў.

А тыя кніжкі спачатку схавалі, а потым бацька завёз у вёску Лемяшэвічы, ды аддаў там у царкву.

Мікола Качаноўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG