Гэта было ў 58-м годзе. Я тады жыў у Маладзечне. І прыйшоў у тамтэйшы гаркам
партыі са скаргай на тое, што бібліятэкі гораду перасталі браць навінкі
беларускай літаратуры. Пытаю ў іх: “Чаму не бераце?” “Нам не даюць”. Іду
ў бібкалектар, пытаюся: “Чаму не даяце навінак беларускай літаратуры бібліятэкам
гораду?” Яны кажуць: “Як не даем? Вось разнарадка. Яны ня хочуць браць”.
І вось таму я пайшоў у гаркам – гэта была адзіная ўстанова, якая магла
падзейнічаць. Расказваю і чую ў адказ:
– И правильно делают. Вы, как белорус, должны гордиться тем, что белоруссы
первые оставят свой язык, первые все усвоят русский язык и первые придут
к коммунизму.
(Дарэчы, асоба, ад якой я пачуў гэтыя словы, у далейшым была прафэсарам
БДУ, і ў адной са сваіх гутарак я вывеў яе ў вобразе прафэсара Прытыкі,
і прозьвішча гэтае нагадвае яе сапраўднае прозьвішча)
Пачуўшы гэтыя словы, я быў ашаломлены іх бессэнсоўнасьцю. Па-першае,
я пачуў, што гаркам згаджаецца з тым, што бібліятэкі не бяруць навінак
беларускай літаратуры, па-другое, чаму гэта я павінен быў ганарыцца тым,
што мой народ можа вырачыся сваёй роднай мовы, ну і асабліва, нават з пазыцыяў
афіцыйнай ідэалёгіі, было бессэнсоўна лічыць, што калі народ засвоіць нейкую
чужую мову, ён прыйдзе да камунізму.
Я быў абураны гэтым, выказаў сваё абурэньне там, у гаркаме, ну і, прыйшоўшы
дадому, выклаў усё гэта ўсваім лісьце і паслаў у ЦК на імя першага сакратара
Мазурава.
Аднак, ніякага адказу я не атрымаў. І гэта зразумела. Бо я пасьля даведваўся,
што ўсё гэта ішло ад іх, зь вярхоў беларускіх улад. І ў гэтых адносінах
іх надаўміў ніхто іншы як Мікіта Хрушчоў, які ў адным са сваіх прыездаў
у Менск так сказаў: “Чем мы быстрее усвоим русский язык, тем мы быстрее
придём к коммунизму”.
І вось нашыя кіраўнікі вырашылі: а-а, калі так, дык мы першыя прывядзем
наш народ да камунізму; і пачалі такую суцэльную русыфікацыю. Пачалі ўсе
беларускія школы пераводзіць у расейскія, бацькоў сталі прымушаць, каб
падавалі заявы аб вызваленьні сваіх дзяцей ад вывучэньня беларускай мовы.
Вядома ж, па іх ініцыятыве і бібліятэкі ня сталі браць навінак беларускай
літаратуры.
Кожны, хто больш-менш быў не запалоханы, прытрымліваўся беларушчыны,
быў на пільным уліку ў ворганах. Так, напрыклад, начальнік Маладзечанскага
КГБ Іваноў у 66-м годзе назваў мяне “жывым ископаемым”. Так ён лічыў, што
ўсё беларускае – ўжо выкапень, і толькі вось жывуць паасобныя экзэмпляры
гэтай беларушчыны, і таму трэба быць вельмі пільным і змагацца зь імі,
выкрываць іх і гэтак далей.
Нават ужо ў 84-м годзе мяне тройчы выклікалі ў КГБ з нагоды таго, што,
маўляў, “до нас дошли сведения, что вы пишете историю, в которой хотите
доказать извечную самостоятельность Белоруссии”.
Бачыце, беларускіх начальнікаў асабліва палохала самастойнасьць Беларусі.
Справу змаганьня з усім беларускім, вынішчэньня ўсяго беларускага ад савецкіх
кіраўнікой поўнасьцю перанялі сучасныя кіраўнікі Беларусі. Але калі першыя
рабілі гэта, ведучы наш народ да камунізму, дык другія гэта робяць, ведучы
да саюзу з Расеяй.
Мікола Ермаловіч
Самае папулярнае
1