Хачу расказаць гісторыю, якая адбылася, можна сказаць, шмат гадоў таму
– у 1968 годзе. У гэты час у Менску праходзіла выстава амэрыканскай архітэктуры.
Выстава была арганізаваная ў Вялікім тэатры опэры і балета. Я заканчваў
школу, 10-ты кляс, і паколькі мая вёска знаходзілася недалёка ад Менску,
то я часта бываў у Менску і вырашыў наведаць гэтую выставу.
Што мяне зьдзівіла? Гэта тое, што ўсе надпісы былі на ангельскай і беларускай
мовах, і пасьля я нават пачуў голас маладога чалавека, які размаўляў з
кімсьці або тлумачыў нешта па-беларуску. Як я пасьля даведаўся, гэта быў
сын вядомага Барыса Кіта Ўладзімер, які ўпершыню наведаў сваю радзіму нават
раней, чым яго бацька пасьля вайны.
Сёньня можна сказаць, што выстава зрабіла на мяне вялікае ўражаньне,
але тады ў мяне былі такія пачуцьці, якія цяжка апісаць. З аднаго боку
– савецкае выхаваньне, з другога – жыцьцё беларусаў за мяжой, пра якое
беларускія газэты падчас гэтай выставы ня вельмі добра адзываліся.
Праз некалькі дзён у нас у школе быў такі сход або лінейка вучняў, на
якой дырэктар папярэдзіў нас, каб мы ў ніякім выпадку не наведвалі гэтую
выставу, таму што яе арганізавалі эмігранты, якія працавалі з немцамі,
з фашыстамі, якія хочуць апрацаваць нас.
З гэтага часу я пачаў больш інтэнсіўна цікавіцца беларускай гісторыяй,
і праз некалькі гадоў, ужо пасьля таго, як адчыніліся межы, пасьля аб’яднаньня
Нямеччыны, лёс зьвёў мяне з Барысам Кітам, з бацькам гэтага Ўладзімера,
ад якога, як ад першага эмігранта, я пачуў вельмі цікавую, сакавітую беларускую
мову.
Дзьмітры Ярашэўскі
Самае папулярнае
1