Адной з самых запамінальных падзеяў у маім жыцьці ёсьць путч жніўня 1991
года. Тады на працягу пяці дзён я меў такі страшэнна прыўзьняты настрой,
лётаў зь мегафонамі, рабілі ўлёткі, усяляк актыўнічаў на працягу дня, уначы
ня спаў – слухаў Радыё Свабода, раніцай ізноў бег на плошчу (тады Леніна,
а потым Незалежнасьц), і так на працягу пяці дзён. Гэта быў проста выбух
назапашанай у арганізме энэргіі. Потым, праўда, тыдзень адсыпаўся, але
тыя пяць дзён мне запомніліся такім неверагодным прыўзьнятым фізычным станам.
А з такіх цікавостак, якія тады ўразілі, гэта калі на трэці ці чацьверты
дзень пасьля путча мы стаялі на плошчы Незалежнасьці (ужо сфармаваная дружына
БНФ, ідзе запіс у Нацыянальную Гвардыю), і раптам падыходзіць да мяне падпалкоўнік
Срыбны, які тады загадваў у гарадзкой міліцыі аддзелам па забесьпячэньні
парадку, і кажа:
– Віктар, выдзелі 100 чалавек на ЦК і гаркам, а з райкамамі я сам спраўлюся.
І выдзеліў мне ў дапамогу свайго афіцэра сувязі. Я спачатку не ўспрыняў
і адурэў, а пасьля даведаўся, што аказваецца напярэдадні ўначы Гарбачоў
прыпыніў дзейнасьць КПСС, і ў першую чаргу міліцыя пачала выконваць рашэньне
прэзыдэнта СССР, што было шокам для жыхароў Беларусі, у тым ліку, і для
беларускага партыйнага начальства.
Людзі з бел-чырвона-белымі павязкамі сумесна зь міліцыяй, на чые машыны
мы паўтыкалі бел-чырвона-белыя сьцяжкі, блякавалі будынкі ЦК і гаркама
партыі.
Напэўна, апячатваць будынкі маглі і самі міліцыянты, але патрэбнае было,
відаць, палітычнае прыкрыцьцё. У тыя дні міліцыя палічыла, што калі ўлада
ў Расеі пераходзіць да дэмакрата Ельцына, адпаведна ўлада ў Беларусі, падумалі
яны, пераходзіць да Беларускага Народнага Фронту. Таму, відаць было і адпаведнае
стаўленьне, і павага, і жаданьне супрацоўнічаць.
Віктар Івашкевіч
Самае папулярнае
1