У 1992 годзе я паступіла ў Віцебскі пэдагагічны інстытут на мастацка-графічны
факультэт. Там ад першага да апошняга курсу жывапіс, малюнак і кампазіцыю
нам выкладаў вядомы віцебскі мастак-акварэліст Міхаіл Васільевіч Ляўковіч.
Ён быў адзіны, хто ня толькі выкладаў па-беларуску, але і карыстаўся беларускай
мовай у штодзённым жыцьці.
Напачатку мы баяліся хадзіць да яго на заняткі і ня толькі з-за беларускай
мовы, якой мы валодалі ня вельмі добра, але і з-за яго самога, таму што
ён здаваўся нам занадта строгім і патрабавальным. Потым мы зразумелі, што
ён быў проста фантастычны выкладчык, і ягоныя строгасьць і патрабавальнасьць
пайшлі нам толькі на карысьць, а мова – ягоная сакавітая, багатая, прыгожая
беларуская мова – ішла ад ягнага ўнутранага сьвету, ад яго сутнасьці. Ён
стаў нашым любімым выкладчыкам, і мы не заўважылі як з часам і самі пачалі
выкарыстоўваць, гаворачы пра мастацтва, беларускія тэрміны, якім нас навучыў
спадар Ляўковіч, менавіта беларускія, а не калькаваныя з расейскай. Мы
нават ня ведалі, як сказаць гэта па-расейску.
Па сканчэньні інстытуту я пачала працаваць у дзіцячай мастацкай школе
ў горадзе Пінску, дзе выкладаньне вядзецца па-руску. Але й там, выкладаючы
тыя ж самыя прадметы, якім мяне вучыў Міхаіл Васільевіч, сама гэтага не
заўважаючы, я ўжывала тыя самыя беларускія выразы – азмалёўваньне, адваротная
пэрпэктыва альбо танавыя і каляровыя адносіны – нават не ўяўляючы, як іх
можна сказаць дзецям па-руску.
Алена Іванова, Пінск
Самае папулярнае
1