Пяць год назад у Кіеве, дзе знаходзілася штаб-кватэра Народнага Руху Ўкраіны,
у пяць гадзін вечара ўброенымі людзьмі ў масках быў забраны са свайго кабінэту
Міхайла Байчышын.
Міхайла Байчышын быў намесьнікам старшыні Народнага Руху Ўкраіны, ён
рыхтаваў у гэты час другую канфэрэнцыю па Балта-Чарнаморскім нафтавым калектары.
Тады адразу пачалі шукаць Байчышына, так вось як зараз шукаюць Ганчара,
Захаранку і не знаходзяць. Вось мінула ўжо пяць год, а Байчышына так і
няма.
Прычына зьнікненьня была відавочнай. Калі распаўся Савецкі Саюз, і паўстала
пытаньне аб паліўна-энэргетычным комплексе ў Беларусі, на Ўкраіне і ў рэспубліках
Прыбалтыкі, тады і ўзьнікла ідэя – каб не было ў нас манапалізаванага рынку
ў Балта-Чарнаморскім рэгіёне, і каб зьвязаць Балтыку з Чорным морам – пракласьці
калектар ад Адэсы і да Вентспілса, і даць нафту.
Гэта давала магчымасьць усім краінам Балта-Чарнаморскага рэгіёну атрымаць
выхад да двух мораў, і там, дзе нафта была б таньней, напрыклад, у Чорным
моры ці ў Балтыцы ці, нават, у Расеі, – і вось з гэтых трох кропак можна
было карыстацца палівам.
Я паехаў на Ўкраіну і меў сустрэчы з Міхайлам Байчышыным, і ён далучыўся
да гэтай справы. Ён меў выхады на Інстытут транспарта і нафты, і тады гэтая
ўстанова была падключаная да таго, каб тэарэтычна распрацаваць магчымасьці
такога калектару.
Першая канфэрэнцыя прайшла тады ў Менску. Прайшла вельмі выдатна, бо
на яе прыехалі і гэнеральны дырэктар нафтавага тэрміналу ў Венстпілсе,
і дырэктар “Латвіяснафта”. Прысутнічалі таксама з нашага міністэрства энэргетыкі.
Былі прадстаўнікі і Расеі, але яны былі вельмі сумныя ад усяго таго, што
тут адбывалася.
Мы ў той час былі вельмі простымі, нават ня думалі пра тое, да чаго
гэта можа прывесьці. Мы пасьля ўжо падлічылі, што для Расеі гэты рынак
дае каля 20 мільярдаў даляраў у год, і, зразумела, што Расея так проста
аддаць гэты рынка не хацела.
Пачало гэтае кола круціцца. Я езьдзіў у Вільню, выступаў там перад Камітэтэтам
нацыянальнай бясьпекі, не адзін раз быў у Кіеве. І было ўжо зроблена шмат
чаго. Былі банкі, гатовыя даць грошы на тое, каб зрабіць гэты праект дзейсным,
каб ён для Беларусі нешта даваў.
Справа ў тым, што дакумэнты тых людзей, якія павінны былі даць грошы,
дакумэнты з банкаў з адрэсамі – усё гэта было ў Байчышына. І ў Байчышына
ўсё гэта выкралі. І другую канфэрэнцыю сарвалі.
Шукалі Байчышына і не знаходзілі. Усё было зразумела. Тут – справа рук
расейскай разьведкі і КДБ. Бо мы пачалі займацца той справай, на якую ня
мелі сілаў, нават для таго, каб сябе неяк прыкрыць. Але ж на гэтым ня скончылася.
Потым я меў па гэтым пытаньні сустрэчу зь Мясьніковічам, і беларускі
ўчастак нафтаправода “Дружба”, гомельскае аддзяленьне, замовіў гэты праект
нафтавага калектару ў Кіеве, у Інстытуце транспарта і нафты. Праект быў
зроблены, і зараз ён знаходзіцца недзе ў скрыні ў Лукашэнкі. Можа ён калі-нікалі
дастае і глядзіць гэты праект ды й зноў яго засыпае нафталінам і далей
засоўвае.
Станіслаў Гусак
Самае папулярнае
1