Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я памятаю, як у 90-м годзе, мабыць, зімовым вечарам мы з пяцігадовай дачкой Сьветай хадзілі ў краму. Тады, як усе памятаюць, стаялі велічэзныя чэргі па тое, што яшчэ заставалася на прылаўках.

У магазіне мы стаялі ў чарзе па малако. Вельмі-вельмі доўга. І чарга была такая доўгая, і людзі сварыліся, і так было цяжка, і мне з маленькім дзіцем таксама было цяжка. І вось, нарэшце, мы атрымалі гэтую запаветную бутэльку малака і пайшлі дадому стомленыя, але шчасьлівыя. Калі так можна сказаць – шчасьлівыя.

Прыйшлі дадому, я нешта рабіла на кухні, а дзіця было ў сваім пакоі. Потым прыйшла, гляджу – дзіця нешта малюе. На аркушы паперы быў такі малюнак, за які мне сёньня і ня сорамна, і аб ім хочацца гаварыць. Там была намаляваная чарга – маленькія-маленькія чорныя чалавечкі, якія стаялі адно за адным, і велічэзныя такія тры гандляркі. Ім былі намаляваныя чырвоныя вусны, завушніцы, белыя калпакі.

Што тут скажаш? Толькі тое, што дзіця ўхапіла сэнс такой грамадзкай зьявы, як чарга. Калі чалавек – нішто, а гандляркі – гэта ўсё. Такое было нашае жыцьцё, такі быў наш час.

Людміла Гразнова

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG