У нашай вёсцы – гэта вёска Масьцішча Глускага раёну – да вайны было больш
за 35 мужчынаў. У нас там было вельмі шмат засьцянковай шляхты, якая потым
была пераведзеная ў вёску. Дык вось пад час рэпрэсіяў ішло павальнае вынішчэньне
гэтай шляхты. Вынішчалася шляхта і як больш сьвядомая, так і тая, якая
пайшла на паслужніцтва да бальшавікоў.
Але мой дзед Дамінік… Я, дарэчы, вельмі ганаруся сваім дзедам. Яго два
разы арыштоўвалі, ён год сядзеў у Бабруйску, але быў вынесены апраўдальны
прысуд да яго. І, дарэчы, загубіў сам сабе жыцьцё гэтым прысудам. Таму
што прысуд быў апраўдальны… Яму раілі зьехаць зь вёскі, недзе схавацца
на час рэпрэсіяў, але ён усім людзям казаў, што: “Я нікому вока не запарушыў,
нікуды я з родных месцаў не паеду”.
Але прыйшоў 38-мы год, і, зразумела, па даносе ён быў у “чорным варанку”
завезены спачатку ў Мазыр, потым у Менск і там растраляны.
Цікавы выпадак адбыўся напачатку вайны. Справа ў тым, што вось тая шляхта
амаль уся была вынішчаная, 33 чалавекі былі рэпрэсаваныя. А напачатку вайны,
на другі дзень, “чорны варанок” прыехаў у вёску забіраць ворагаў народу.
І каго б вы думалі? Жанчынаў, якія пазаставаліся зь дзецьмі адны. У нас
вёска, як у нас кажуць, адно сяло і другое – адна вуліца і другая на адлегласьці
мэтраў 200-300. Туды прыехалі, але людзі кемлівыя адправілі дзяўчынку,
якая паведаміла іншым, што вось прыехаў “варанок” і будуць забіраць. Прыбегла
гэтая дзяўчынка, паведаміла маёй бабе, і гэтая баба за траіх дзяцей і хуценька
схавалася ў выгане, у кустах. Прыехаў “варанок”, пастаялі, паглядзелі,
што няма – і паехалі. А людзей зь іншай вуліцы забралі.
Юры Гранявецкі, Бабруйск
Самае папулярнае
1