Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэтая гісторыя здарылася на здымках беларускага мастацкага фільма рэжысэра Валерыя Рыбарава “Сьведка”. Ён здымаўся пад Полацкам у невялічкім мястэчку Дзісна.

У той дзень здымалі эпізод, як у гэтае мястэчка прыяжджае машына з ваенным канвоем і прывозіць туды некалькі чалавек, якія падчас вайны былі паліцыянтамі. Прывозіць, каб іх судзіць. Ужо машына стаяла на сыходнай кропцы. Я граў там капітана канвоя, усе мы былі гатовыя да здымак, на плошчы перад домам культуры быў сабраны такі вялікі натоўп з жыхароў навакольных мясьцінаў. Ім вытлумачвалі задачу, што калі прыедуць паліцаі і выйдуць з машыны, то натоўп павінен трошкі пашумець, паразмаўляць, паводзіць сябе так трошкі неспакойна.

Рэжысэр даў каманду “Матор”, машына паехала, мы пад’ехалі да гэтага клюба, я выскачыў, адчыніў дзьверы і артыстам, якія гралі паліцаяў, запрапанаваў выходзіць і праходзіць у клюб. І вось як толькі яны выйшлі, з натоўпам здарылася нешта дзіўнае, незвычайнае. Людзі пачалі спачатку шумець, потым пайшлі крыкі, а пасьля ўжо без усялякага сцэнара людзі пачалі рвацца да гэтых паліцаяў, і нават некалькі маіх салдацікаў, якія стрымлівалі натоўп (яны таксама былі артысты), ужо пачалі не спраўляцца, і я пабег ім дапамагаць. Людзі хваляваліся, крычалі, без усялякага сцэнара яны проста рваліся да гэтых “паліцаяў”.

Ня ведаю, што яны хацелі зь імі зрабіць, але я бачыў, як адна жанчына крычала гэтым артыстам, якія гралі паліцаяў: “Ты памятаеш, як ты забіў нашага настаўніка?” З натоўпам было нешта дзіўнае. Рэальнасьць кіношная і рэальнасьць жыцьця перамяшаліся. Калі артысты, якія гралі паліцыянтаў, увайшлі нарэшце ў клюб, у нас з ачапленьне сьпіны з гімнасьцёркамі былі мокрыя, бо мы па-сапраўднаму, а не па-кіношнаму стрымлівалі гэты натоўп.

Нарэшце рэжысэр даў каманду “Стоп”, здымкі скончыліся, ён быў вельмі рады – усё атрымалася добра, а мы пасьля яшчэ доўга думалі: гэта ж як моцна сядзіць у памяці людзей памяць пра вайну і колькі трэба часу, каб усё гэта загаілася, і на ўсё гэта людзі хоць троху забыліся.

Аляксандар Фядотаў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG