Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Скончыў я перакладчыцкі факультэт Інстытуту замежных моваў у Менску і пасьля вучобы каля году працаваў у Алжыры перакладчыкам у сыстэме прафэсыйна-тэхнічнай адукацыі. Але пасьля звароту ў Менск – як тады казалі, замежнай камандыроўкі – некалькі гадоў ніяк ня мог знайсьці сталай працы. Дарэчы, гэткі ж лёс дзялілі са мной сябры-аднагрупнікі.

Было вельмі цяжка – зразумела, не матэрыяяльна, бо жылі мы з жонкай разам з бацькамі, а больш маральна. Уявіце сабе: малады здаровы мужчына з вышэйшай адукацыяй ня можа ўладкавацца на сталую працу. Колькі парогаў не абіваў, але ўсё дарэмна. Вядомы “Листок по учёту кадров” я ўжо ведаў на памяць і запаўняў яго з зачыненымі вачыма.

Здавалася, што сьвет перавярнуўся. Напрыклад, у суседні пад’езд нашага дому часта наяжджала міліцыя. Потым суседзі казалі, што некага арыштавалі за “тунеядзтва”. А да мяне, сапраўднага “тунеядца”, нікому справы не было.

І вось аднойчы – памятаю, што гэта было зімой, у лютым – выклікалі мяне ў ваенкамат і кажуць: нам у Алжыр тэрмінова патрэбны французкі перакладчык – згодны? Што ж там разважаць, натуральна я згадзіўся.

Запоўнілі мы з жонкай неабходныя паперы і пайшлі праходзіць мэдычную камісію ў ваенкамат. Здароўе ў нас абодвух было цудоўнае – маладыя ж. Праўда я нашу акуляры, і таму пачаць мэдагляд я вырашыў з акуліста. Жонка ж засталася сядзець у калідоры.

Пажылая доктарка-акулістка пачала спачатку пытаць мяне, хто я ды што я, у якую камандыроўку я зьбіраюся. Даведаўшыся, што я паеду ў Афрыку, яна як бы выпадкова зазначыла, маўляў, пашанцавала табе, хлопец, заробіш там шмат грошай. А я вазьмі ды адкажы: грошай там проста так ня плоцяць. А пасьля пачаў разважаць пра гарачы пустынны клімат, пра адарванасьць ад сям’і, яшчэ пра нешта. На пытаньне доктаркі я адказаў, што некалькі гадоў таму я ўжо працаваў у Алжыры.
Тут нечакана адносіны да мяне ў дакторкі зьмяніліся. Незадаволена адзначыўшы, што мы тут, маўляў, працуем за капейкі, яна раптам заявіла, што паводле стану здароўя, я ёсьць нягодным да ваеннай службы, бо ў адным воку вастрыня зроку ў мяне на поўдыёптрыі горшая, чым прадпісана ваеннымі правіламі. Тут доктарка паднялася і рашуча выйгла з габінэту, а я застаўся сядзець, так і не зразумеўшы, што здарылася.

Тым часам, доктарка не зьвяртаючы ўвагі на людзей, што чакалі на мэдагляд у калідоры, патэлефанавала афіцэру ваенкамату, які афармляў мяне ў Алжыр. А ў калідоры, сярод іншых, сядзела мая жонка, якая добра чула ўсю гэтую размову. Дык вось прадставіўшыся, доктарка сказала: “Тут ў мяне на камісіі ваш Елькановіч. Паводле стану зроку ён нягодны да службы ў арміі, бо вастрыня зроку ў яго на поўдыёптрыі горшая, чым дапускаецца нашымі нормамі”. На гэта афіцэр ваенкамату адказаў, што гэта ня страшна, бо Елькановіч у Алжыр не страляць з аўтамату едзе, а перакладаць дакумэнты, рабіць тое самае, што робіць і тут, у Менску; дый перакладчык тэрмінова патрэбны. “Не положено,” – катэгарычна сказала дакторка і паклала трубку тэлефона.

Пачуўшы гэтую размову, адзін з сядзеўшых у чарзе разрагатаўся: “Бачыш, чалавек непрыгодны да службы ў арміі праз поўдыёптрыі. У мяне мінус дванаццаць на абодва вокі, а здымаць з вайсковага ўліку не зьбіраюцца. Кажуць, для рэзэрва гэта падыходзіць…”

Вячаслаў Елькановіч, Сыднэй

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG