Было гэта ва Ўсходняй Нямеччыне, калі там былі яшчэ савецкія школы. Вучыўся
я там у сёмай клясе.
Аднаго вечара паказвалі цікавае кіно пра амэрыканскіх рэвальвэроўцаў,
і адзін зь іх насіў гальштук на калене. Гэта так прыгожа выглядала…
У мяне былі амаль што амэрыканскія джынсы Levi’s, сіні савецкі пінжак
і, ясная справа, на шыі чырвоны гальштук. Я вырашыў паспрабаваць: як гэта
будзе выглядаць, калі я завяжу гальштук на калена?
Ну, і тут мяне злапалі на гарачым учынку. Сабралі піянэрскую дружыну
клясы, пачалі чытаць мне маралі, што я сьвятыню на калена надзеў! Ну і
вырашылі, што з такімі, як я трэба разьбірацца. Сабралі школу: адных прымаюць
у камсамол, чырвоныя кніжкі даюць, а тут трэба даць вымову аднаму. А тое
тут дзеці пра камсамол мараць, а ён да піянэрыі дрэнна ставіцца!
Зь мяне зьнялі гэты гальштук. І гэта не было так страшна. Мае сябрукі
мне кажуць: “Ты не перажывай!” І мы пайшлі дахаты.
А жылі мы ў нямецкім старым доме, і там быў сад. Мы зайшлі за корчыкі,
усе паздымалі гэтыя гальштукі, пачалі іх таптаць і паліць. Тут бацька мой
убачыў праз вакно, што мы робім, выбег да нас і крычыць: “Дзеці, што вы
робіце? Вы ж сваіх бацькоў падстаўляеце!”
Але было ўжо позна: гальштукі былі спаленыя. Вось так мы разьвіталіся
з піянэрыяй.
Эдвард Дзьмухоўскі, Горадня
Самае папулярнае
1