Гэта было ў сярэдзіне 80-х гадоў. Я тады зацікавілася культавымі камянямі.
І вось, будучы ў архэалягічнай экспэдыцыі ў Мёрскім раёне на Віцебшчыне,
мы разам з мастачкай Зояй Краўчанка накіраваліся ў вёску Стары Пагост,
каб паглядзенць камень пад назвай Кравец.
У 1923 годзе ў часопісе “Крывіч” пра яго напісаў Вацлаў Ластоўскі. Ён
прывёў і некалькі паданьняў. Напрыклад, у адным зь іх гаварылася, што людзі
ўдзень звозілі камяні для будаўніцтва царквы на беразе ракі, а чорт за
ноч перакідваў іх на другі бераг. Тады камень Кравец ператварыўся ў волата.
І колькі камянёў чорт перакіне праз раку, то волат назад яму – удвая больш.
Ад гэтага сабралася столькі камянёў, што хапіла пабудаваць храм.
У вёсцы мы доўга распытвалі пра камень, заходзілі да самых старых людзей,
але ніхто нічога ня ведаў. Усе толькі казалі, што шмат камянёў за вёскай,
на поплаве. Мы пайшлі туды – і сапраўды, там ляжалі валуны, сьцягнутыя
з поля. Побач на лузе пасьвіўся статак. Якраз быў поўдзень, і сюды сталі
сыходзіцца сялянкі зь вёдрамі, каб падаіць кароў. І мы зноў пачалі распытваць.
Я некалькі разоў зачытвала публікацыю Вацлава Ластоўскага. Усе дзівіліся,
прасілі яшчэ і яшчэ раз прачытаць паданьне, сталі гадаць, ад каго яно магло
быць запісанае, успаміналі ўсіх сваіх продкаў, ганарыліся, што паданьне
зь іх вёскі, і што надрукаванае яно менавіта на беларускай мове, і што
гэта было так даўно. Тым, хто падыходзіў пазьней, ужо самі вяскоўцы пераказвалі
паданьне пра камень.
Вось прайшло два гады. Зноў мы былі ў экспэдыцыі на Мёршчыне, ехалі
спадарожнай машынай у Новы Пагост. Калі малады шафёр даведаўся пра мэту
нашай вандроўкі, то сказаў, што там, у Новым Пагосьце, мы нічога ня знойдзем,
а вось у Старым Пагосьце ёсьць цікавы камень, і яго ведае ўсё навакольле,
нават расказваюць паданьні.
“Вы абавязкова пабывайце ў Старым Пагосьце”, – заключыў шафёр. Так да нас вярнулася паданьне, якое мы ўзрадзілі ў вёсцы Стары Пагост. Людміла Дучыц, Менск
“Вы абавязкова пабывайце ў Старым Пагосьце”, – заключыў шафёр. Так да нас вярнулася паданьне, якое мы ўзрадзілі ў вёсцы Стары Пагост. Людміла Дучыц, Менск