Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Новы год вядомыя людзі


Апошнія дні 2012 году — час падвядзеньня вынікаў старога году і падрыхтоўкі да сустрэчы новага, 2013 году. Як будуць сьвяткаваць Новы год вядомыя ў краіне людзі.

Палітык і паэт Уладзімер Някляеў Новы год сустрэне дома — жонка Вольга і суседзі — тыя блізкія людзі, зь якімі ён падзеліць сьвяточны настрой. Часткова гэтае абмежаваньне ёсьць змушаным выбарам, кажа Уладзімер Някляеў:

Вольга і Ўладзімер Някляевы
Вольга і Ўладзімер Някляевы
«Як сьвяткаваць Новы год мне вызначае ня Дзед Мароз, а МУС РБ і суд — самы справядлівы ў сьвеце. Яны пастанавілі, што Новы год я магу сустракаць толькі па тым адрасе, дзе я прапісаны. З аднаго боку гэта кепска, бо я пазбаўлены выбару, а зь іншага боку — ня трэба напружвацца. Выбіраючы куды б паехаць у госьці, у які горад ці краіну — дома, дык дома. Буду сустракаць Новы год са сваёй вядомай жонкай, ёсьць у нас кампанія невялічкая — нашы суседзі, якія далёкія ад палітыкі, вельмі простыя і вельмі добрыя людзі. Вось зь імі мы і спаткаем Новы год». .

У коле сям’і Новы год сустрэне і журналістка Сьвятлана Калінкіна, бо прызнае гэта сьвята традыцыйна сямейным і хатнім:

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
«Новы год я буду сьвяткаваць зусім звычайна і традыцыйна — з роднымі і блізкімі — самымі любымі маімі людзьмі. Гэта будзе ў маёй мамы дома — вось у такім родным сямейным колам. Я лічу, што гэта такое сьвята. Якое трэба сустракаць з тымі, хто табе асабліва дарагі».




У вёсцы Бобр, у коле сям’і навагодняе сьвята сустрэне мастак Алесь Пушкін. Сёлета яно мае стаць адметным прысутнасьцю ўсіх дзяцей, кажа спадар Пушкін:

Алесь Пушкін разам з жонкай
Алесь Пушкін разам з жонкай
«Звычайнае і самае галоўнае зімовае сьвята для нас — гэта Божае Нараджэньне — пра гэта ня трэба забывацца. А 31 сьнежня, каляндарнае сьвята — канечне, сямейнае сьвята, ціхае. Сёлета хачу запрасіць старэйшую дачку, каб яна прыехала ў Бобр, да нас, дзе малыя дзеці, каб выбухнуць хлапушкі, запаліць бэнгальскія агні. Бо калі чалавек у сямейным коле, то тады будзе і ўпэўненасьць у будучыні, што дзе б хто ні быў, але абавязкова ў яго ёсьць дом, дзе запалены сьвет у вакне».

На ўласнай вясковай сядзібе разам з самымі блізкімі навагодняе сьвята будзе сустракаць і музыка Зьміцер Вайцюшкевіч:

Зьміцер Вайцюшкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч
«Буду ў вёсцы на хутары з сям’ёй: у мяне ёсьць свая асабістая агра-сядзіба і там я буду са сваёй сям’ёй. Таксам а там я пабудаваў лазьню, будзем парыцца і радавацца жыцьцю без тэлевізара і інтэрнэта, толькі радыё там ёсьць — вось і Свабоду будзем слухаць».




Напярэдадні Новага году моладзевая актывістка Наста Палажанка пабралася шлюбам з палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам і гэта — галоўная адметнасьць сьвяткаваньня — у новай ролі жонкі і нявесткі. Астатнія акалічнасьці — традыцыйныя, кажа Наста Палажанка:

Наста Палажанка
Наста Палажанка
«Гэты Новы год з аднаго боку, нібыта сапраўды новы, бо ёсьць новая жыцьцёвая роля, значныя перамены ў жыцьці. А з іншага боку ён, на жаль, будзе вельмі падобны на мінулы год. Бо ўсё роўна няма яшчэ Зьмітра і, безумоўна, таго сьвяточнага настрою, якога хацелася б на сямейных сьвятах, яго няма. Я буду дома з татам і братам, магчыма прыйдуць сябры, магчыма сама наведаю жонак палітвязьняў, каб падтрымаць, падняць настрой. На жаль, пакуль Зьмітра побач няма, то, безумоўна, гэта не сьвята для мяне. Але — новы дзень, новы год, новая рыса, новая надзея, што хутка ўсё наладзіцца — гэта, канечне, абавязкова і бяспрэчна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG