Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чарзе па талёнчык да лекара


Салігорск: у чарзе па талёнчык да лекара
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:47 0:00
Наўпроставы лінк

У чарзе па талёнчык да лекара

Наш карэспандэнт наведаў салігорскую раённую паліклініку, дзе, як паведамілі раней тамтэйшыя жыхары, кожны дзень стаяць вялікія чэргі па талёнчыкі на прыём.

А 5-й раніцы да паліклінікі прыходзяць першыя людзі. Яны яшчэ маюць магчымасьць не стаяць на ганку, а зайсьці ў маленькі тамбур і пагрэцца. Наведнікі ў асноўным пэнсійнага веку. Ёсьць людзі з кіёчкамі, нехта прыйшоў на мыліцах. Найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца нэўрапатоляг і эндакрыноляг — большасьць ахвотных ня зможа пракансультавацца ў іх сёньня, бо колькасьць прыёмаў абмежаваная. Таксама складана трапіць да акуліста, оталярынголяга, уроляга.

У Салігорску ёсьць яшчэ адна паліклініка, але яна абслугоўвае толькі супрацоўнікаў РУП «Беларуськалій». Апавядае былы гарняк:

«Я рабіў у шахце. Стаж 44 гады. Пайшоў на пэнсію па стане здароўя. Адразу перавялі ў раённую паліклініку. Вось цяпер хаджу, стаю ў чэргах. Гэта я просты рабочы быў. А начальнікі ўсе і на пэнсіі ходзяць у тую паліклініку».

Каля 6-й раніцы на ганку пачынае ўтварацца натоўп. Людзі кажуць, што найбольшая чарга бывае ў панядзелак, а сёньня яшчэ нічога. І зімой кепска — трэба стаяць на марозе.

Адзін з пацыентаў кажа, што ў рэгістратуры не даюць інфармацыі пра таго ці іншага лекара — трэба адстаяць чаргу, каб даведацца, ці будзе сёньня прыём:

«Вось я ўчора адстаяў. Няма ўрача. Сёньня яшчэ раней прыйшоў. Можа, пашанцуе, а можа, і не. Мне да эндакрыноляга трэба. Вось як пра нас клапоцяцца. Толькі па тэлевізары і радыё кажуць, як у нас добра».

Жанчына, якой трэба на працу: «Пэнсіянэры могуць пастаяць, але ж яшчэ ёсьць і працоўныя людзі. А талёны толькі ў 7:30 пачынаюць выдаваць. Трэба з працы адпрошвацца. А ў мяне так сьпіна баліць, я сядзець не магу. Я 30 гадоў на фабрыцы „Калінка“ адпрацавала. Мне да нэўрапатоляга трэба Хоць бы якую дадатковую чаргу для працоўных зрабілі. Да нас, праўда, прыходзіла кіраўніцтва, нешта абяцалі. Але што нам з тых абяцаньняў? Абяцанкі-цацанкі».

Нават тыя, хто стаіць на ўліку па тым ці іншым захворваньні, ня могуць прыйсьці да спэцыяліста без талёнчыка. Усё роўна трэба адстаяць чаргу.
1 лістапада адстаяла чаргу, каб запісацца да эндакрыноляга, каб праверыць шчытаподобную залозу. Дык толькі на 28 лістапада прызначылі прыйсьці да 8 гадзіны — можа, дадуць талён да спэцыяліста


Пэнсіянэрка ў чарзе: «1 лістапада адстаяла чаргу, каб запісацца да эндакрыноляга, каб праверыць шчытаподобную залозу. Дык толькі на 28 лістапада прызначылі прыйсьці да 8 гадзіны — можа, дадуць талён да спэцыяліста. Калі нават дадуць, то яшчэ чаргу на ультрагукавое дасьледаваньне трэба адстаяць цэлы дзень. Зразумела, што прыйшла раней, ня стала 8 раніцы чакаць, — прыйшла, калі яшчэ і 6 не было».

А 7 гадзіне паліклініка адчыняецца, чарга перамяшчаецца ў фае. Рэгістратура пачне працу а 7:30. Але ня ўсе атрымаюць накіраваньне — чыйсьці лекар сам хварэе, некаторых спэцыялістаў няма ўвогуле, але асноўная прычына — неадпаведнасьць магчымасьцяў паліклінікі і колькасьці людзей, якім патрэбныя мэдычныя паслугі. Папросту кажучы, ня ўсім хопіць талёнчыкаў.

Людзі ў чарзе абмяркоўваюць магчымыя варыянты разьвязаньня праблемы: можна адмяніць талёны і тады прыходзіць да лекара па жывой чарзе, зрабіць розныя чэргі для працоўных і пэнсіянэраў, пабудаваць яшчэ адну паліклініку, пашырыць штат гэтай. Адна жанчына кажа, што зьвярталася з праблемай у мясцовую газэту, дык тады кіраўніцтва паліклінікі запрасіла галоўнага лекара вобласьці і арганізавала ўзорна-паказальны дзень, калі талёнчыкаў хапіла на ўсіх. На тым усё і скончылася. Назаўтра — зноў чэргі.

Рэгістратура адчыняецца роўна а 7:30. Спачатку талёнчыкі даюць тым, хто на бальнічным. Такіх нямала. Пасьля па жывой чарзе выдаюць талёнчыкі астатнім. Некаторыя расчаравана адыходзяць ад стойкі рэгістратуры — зноў не пашанцавала, давядзецца прыходзіць наступным разам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG