Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Маскве пачынаюць разумець, што ня красьці беларусы ня могуць»


Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў

Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч заявіў, што Расея яшчэ не ўзгадніла аб’ём паставак нафты ў Беларусь на 2013 год у памеры 23 мільёнаў тон. Тым часам першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка заяўляе, што такія дамоўленасьці ўжо дасягнутыя. Чым выкліканыя такія супярэчлівыя заявы?

У расейкай кампаніі «Транснафта» заяўляюць, што ў чацьвёртым квартале гэтага году ў Беларусь будзе пастаўлена па пацьверджаных аб’ёмах 4,9 мільёна тон нафты. Але кампанія пастараецца выйсьці на лічбу 5,1 мільёна тон. А гэта фактычна тое, на што спадзяваўся беларускі бок. Паводле прэсавага сакратара «Транснафты» Ігара Дзёміна, наконт чацьвёртага кварталу рознагалосьсяў няма, а цяперашнія дыскусіі тычацца паставак нафты ў 2013 годзе.

«Мы выказвалі свой погляд адносна аб’ёмаў, якія мэтазгодна прапампоўваць у Беларусь. Мы сыходзім з прынцыпу прамых паставак спажыўцам. У Беларусі два заводы, якія пасьля мадэрнізацыі спажываюць 16 мільёнаў тон. Зыходзячы з гэтага прынцыпу, мы кажам, што трэба пастаўляць 16 мільёнаў тон. А чым кіруюцца астатнія і міністэрства, калі складае графік, я тут нічога не магу сказаць. На тое яно і міністэрства. Мы — труба. Канцэпцыя, зь якой зыходзіць наша кампанія, — у тым, што мы прапампоўваем аб’ёмы нафты не пасярэднікам, а канчатковаму спажыўцу. Мы лічым, што для пасярэдніцкіх паслуг павінны загружаць у першую чаргу свае ўласныя перавалачныя магутнасьці».

Паводле Дзёміна, «Транснафта» можа прапампаваць на Беларусь і значна большы аб’ём. Але трэба ўлічваць пастаўкі іншым канчатковым спажыўцам — у Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, Славакіі і Вугоршчыне:

«Нядаўна быў кіраўнік Сэрбіі, які прапанаваў пастаўляць у Сэрбію аб’ёмы нафты праз «Дружбу». Тэарэтычна гэта таксама можна зрабіць, бо труба «Амішаль — Бялград» таксама падключаная празь некалькі перамычак да «Дружбы».

Прэсавы сакратар «Белнафтахіму» Марына Касьцючэнка кажа, што беларускія заводы працуюць цяпер з поўнай нагрузкай. І будуць прыкладзены ўсе намаганьні, каб гэта захавалася і ў наступным годзе.

У Беларусі мудруюць, прыдумляюць новыя схемы. Бо не абкрадаць Расею — гэта ня ў прынцыпе беларускага кіраўніцтва
Аляксандар Суздальцаў

«Перамовы працягваюцца ў тым ліку і на ўрадавым узроўні. І казаць пра дасягненьні дамоўленасьцяў можна толькі тады, калі яны будуць падпісаныя».

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў адзначае, што пытаньне паставак расейскай нафты пакуль ня вырашана, а віцэ-прэм’ер Сямашка тлуміць галаву кіраўніцтву Беларусі, што ўсе пытаньні зьнятыя.

«Сямашка паводзіць сябе ня вельмі карэктна. Ён тлуміць галаву Лукашэнку і настройвае, каб той прыняў нейкія палітычныя рашэньні ў рамках Вышэйшага дзяржсавету ў сьнежні гэтага году. Лукашэнка настроены па-баявому і хоча там усё разьнесьці і запатрабаваць сабе яшчэ нейкі кавалак энэргетычных багацьцяў. Насамрэч сытуацыя складаная. Расея знаходзіцца ў цяжкім стане адносна Беларусі. Скандал рабіць нядобра, бо ў нас Мытны зьвяз. Але ж неяк рэагаваць трэба. 1,5–2 мільярды даляраў дарыць беларусам Расея ня мае намеру. Бо калі так дарыць, то самім не застанецца. А ў Беларусі лічаць, што гэтага яшчэ і мала. У Беларусі мудруюць, прыдумляюць новыя схемы. Бо не абкрадаць Расею — гэта ня ў прынцыпе беларускага кіраўніцтва. У Маскве пачынаюць разумець, што ня красьці беларусы ня могуць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG