Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Porsche Cayenne беларускай этыкі


Адбылася трагедыя: кіроўца Porsche Cayenne каля школы ў Менску наехаў на дзесяцігадовае дзіця, жыцьцё якога не ўдалося выратаваць. Наезд адбыўся на школьнай тэрыторыі, якая была абгароджаная і пазначаная знакам забароны на ўезд, які шмат хто з бацькоў у той вечар праігнараваў, бо было школьны збор.

Вельмі хутка абмеркаваньне гэтай тэмы ў Байнэце збочыла з пытаньняў, якія сапраўды варта абмяркоўваць (стан парковак у горадзе, адсутнасьць асьвятленьня ў зонах, дзе шмат дзяцей) у напрамак, які пужае і наводзіць на сумныя думкі аб стане грамадзтва.

«Адкуль у 37 гадоў узяліся грошы на Porsche Cayenne»? — пытаецца карыстальнік сеткі ВКонтакте. Як быццам бы на Porsche Cayenne можна ў Беларусі назапасіць у 70 гадоў, з пэнсіі. «Не бывае нармальных людзей, у якіх машына даражэйшая за $20 тысяч», — піша іншы, на гэты раз — у Facebook. Паступова Porsche Cayenne робіцца сымбалем зла, дэманізму і, галоўнае, неэтычнасьці. «Ці этычна езьдзіць на Porsche Cayenne? Увогуле і ў такой краіне сярэдняй заможнасьці, як Беларусь, у прыватнасьці?» — робіць апытанку «Наша Ніва».

Пільнае вывучэньне і супастаўленьне настрою камэнтаў на «Нашай Ніве» і, напрыклад, ВКонтакте ці на Онлайнеры можа шмат што сказаць дасьледчыкам беларускай аўдыторыі. У прыватнасьці, вельмі прыемна, што беларускамоўны сэгмэнт меней схільны да прагі «сацыяльнай роўнасьці», тут трапляюць выказваньні кшталту «ну я ежджу на Каене. І што тут неэтычнага»? Але нават на НН сярод 85 адказаў сустракаюцца вельмі дзіўныя. Напрыклад, «такое права (карыстацца „Каенам“, — аўтар) у нашай краіне, дзе пераважная галеча, маюць толькі некалькі адсоткаў насельніцтва. Палавіна спэкулі (спэкулянты, — аўтар), палова — прыкарытнікі грамадзяніна Лукашэнкі». Мы яшчэ вернемся да гэтай тэзы ў канцы тэксту, зараз жа адзначым: пытаньне аб узаемасувязі ўзроўню прыбыткаў\раскошы і этыкі не такое дурное, як можа падацца на першы погляд (бо на першы погляд, задаваць трэба выключна пытаньне аб тым, адкуль ты ўзяў грошы, а не аб тым, колькі іх у цябе, або на што ты іх выдаткоўваеш).

Дык вось, нават у заможных грамадзтвах празьмерная раскоша, выстаўленая напаказ, выклікае абурэньне. Напрыклад, у мастака-дысыдэнта Максіма Кантара, у кнізе «Шуфлік і венік», можна прачытаць пра тое, як англічане ставяцца да ўласных дамоў. Што тут непрыстойным лічыцца ня толькі мець вялікі дом, але нават рабіць занадта раскошны рамонт у доме невялікім. Што стандартны ангельскі дом — гэта дом, у якім усё выглядае трохі пашэрпаным, патрыманым, дзе абоі будуць бляклымі ад часу. Ад лёнданца можна пачуць шмат пагардлівых словаў пра раён Кенсінгтан гардэн, дзе апошнім часам узялі моду набываць асабнякі рускія алігархі (і адразу «нармальныя лёнданцы» з таго раёну паехалі).

Аднак параўнайма гэтыя зьявы: у Лёндане асуджаюцца яхта Абрамовіча ці дом Батурынай, які, кажуць, другі па памерах пасьля Букінгемскага палацу, а ў нас — аўтамабіль Porsche Cayenne. Сайт «Аўтамалінаўка» паведамляе, што сярэдні кошт патрыманага Porsche Cayenne ў Беларусі — ад $30 да 40 тысяч. Гэта дакладна не люкс сэгмэнт і тым болей — ня нешта надзвычайнае. Гэта не «Ролс Ройс» і не «Майбах». Дык да якой галечы павінна дайсьці грамадзтва, каб абвяшчаць неэтычным здабыткам машыну, якая каштуе меней за сярэднегадавы заробак ў ЗША (па дадзеных на 2010 год — $46872)?

І ўдакладню адну дэталь: лёнданцы не набываюць дамы за 140 мільёнаў фунтаў (як Андрэй Барадзін, былы кіраўнік «Банку Масквы») не таму, што ў іх няма вялікіх грошай, а таму што іх грамадзтва пабудавана ў тым ліку на добрым разуменьні раману «Vanity Fair» Віл’яма Тэкерэя, на вострым адчуваньні прыстойнасьці, якое, у выпадку з асабняком за 140 мільёнаў фунтаў, парушаецца.

Урэшце, усё гэта справа густу. Які ці то ёсьць, ці то няма. Да таго ж там чыталі пра тэорыю спажываньня, у тым ліку — conspicuous consumption Вэблена. У нашым выпадку ёсьць адчуваньне, што «паказное спажываньне» Вэблена — зваротны бок нашай зайздрасьці. І як толькі ў ненавісьніка Porsche Cayenne зьяўляюцца грошы, якіх $60 тысяч, ён бяжыць ня хату сабе нармальную набываць, а — па Porsche Cayenne, каб суседзі па пяціпавярхоўцы задушыліся.

Нехта ўжо абвясьціў зайздросьнікаў, што ўпікаюць уладальнікаў Porsche Cayenne, «Паліграфамі Шарыкавымі». Аднак у гэтай беларускай зайздрасьці ёсьць адрозьненьне і ад сытуацыі ў пасьлярэвалюцыйнай Маскве, дзе адбываецца дзеяньне булгакаўскага «Сабачага сэрца». Справа ў тым, што ў нас няма «разрухі», няма катастрафічна бедных — тых, каму няма чаго есьці. Болей за тое, сацыяльнае расслаеньне ў Беларусі — меней за іншыя краіны рэгіёна. Той, хто тут «багаты», атрымлівае $2 тысячы, той, хто бедны — $200. У нас няма людзей, якія пасьля цяжкага працоўнага дня сьпяць на ўласных матацыклах, закінуўшы ногі на руль. Бо хаты ў іх няма, а ў Сайгоне ўсё ж лепей, чым у роднай далёкай віетнамскай вёсцы (шмат разоў бачыў на ўласныя вочы).

Беларуская зайздрасьць — гэта зайздрасьць сытых, але трохі меней пасьпяховых перад такімі ж сытымі, але трохі болей пасьпяховымі. І вельмі цікава было б задацца пытаньнем гісторыяграфіі гэтай зайздрасьці. Бо — буду настойваць — зьявілася яна не зараз і нават не пасьля 1917 года і тых падзей, у якія ўцягнулі Беларусь бальшавікі. Пачытайце беларускія казкі: чалавек, які дасягнуў багацьця, абавязкова вельмі дрэнна скончыць. Ён ці то вядзьмак, ці то зьвязаўся зь «нячысьцікам». Варыянту, каб штодзённай працай нехта назапасіў на Porsche Cayenne па вэрсіі ХІХ стагодзьдзя (заможны каменны дом, быдла ў хляву, свой конь) у такіх казках не праглядаецца.

Адсюль — ізноў пытаньне пра «прыкарытнікаў Лукашэнкі». Справа ў тым, што сканцэнтраваная зайздрасьць, якая вымушае рабіць аб’ектам калектыўнай нянавісьці не абставіны, што прывялі да трагедыі, не асьвятленьне ці адсутнасьць парковак у горадзе, а няшчасны Porsche Cayenne, дык вось, гэтая зайздрасьць якраз і зьяўляецца гарантам таго, што краінай заўсёды будзе кіраваць Лукашэнка. Менавіта гэтая зайздрасьць — зноўку, у гістарычнай пэрспэктыве, — прывяла да пабудовы квазісацыяльнай (а насамрэч — папулісцкай, як кажа Мацузата) дзяржавы ў прагматычным капіталістычным асяродзьдзі.

А таму, калі такія вось камэнтатары пішуць, што Porsche Cayenne — машына «прыкарытнікаў Лукашэнкі», яны аўтаматычна робяцца самі «прыкарытнікамі Лукашэнкі». Прычым робяцца ў значна болей глыбокім, анталягічным вымярэньні. Бо першыя проста валодаюць нятанным куском жалеза. Другія ўласнай энэргіяй фундуюць тую ўладу, якую ненавідзяць, гарантуючы, што тая ніколі не сыдзе з нашых мазгоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG