Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстыцыйны форум — ёсьць, інвэстыцый — няма


У Менску адкрыўся сёмы па ліку Беларускі інвэстыцыйны форум. Арганізатары завабліваюць інвэстараў, сьцьвярджаючы, што дзелавы клімат у Беларусі ці не найлепшы ў Эўропе, а замежнаму капіталу гарантуюцца спрыяльныя і празрыстыя ўмовы для вядзеньня бізнэсу.

Між тым нават афіцыйная статыстыка сьведчыць: прыток капіталу ў краіну застаецца на мінімальным узроўні. Так, пры прагнозным патрабаваньні прыцягнуць сёлета амаль 4 мільярды даляраў наўпроставых інвэстыцыяў рэальна гэты паказьнік пакуль не дацягвае да 1 мільярду.

Нягледзячы на абяцаньні беларускіх уладаў усяляк спрыяць замежным інвэстарам, аншлягу на форуме не назіраецца. Асноўная частка гасьцей — расейцы, якія прадстаўляюць малавядомыя фірмы. Выключэньнем хіба алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, якога пускаюць у беларускія ўладныя кабінэты і які мае канкрэтныя віды на «Беларуськалій». Не адзначаюцца вялікай актыўнасьцю і беларускія суб’екты гаспадараньня. Так, падразьдзяленьні Міністэрства прамысловасьці прадставяць на форуме ўсяго 8 праектаў на агульную суму 470 мільёнаў даляраў. Прычым большая палова прыпадае на жодзінскага вытворцу самазвалаў БелАЗ, які ініцыюе стварэньне сумеснага прадпрыемства буйнагабарытнага ліцьця з капітальнымі затратамі блізу 220 мільёнаў даляраў.

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка лічыць, што чарговае мерапрыемства ладзіцца выключна «дзеля птушачкі». З аднаго боку, дзелавыя людзі даўно вызначылі для сябе ўзровень «інвэстыцыйнай прывабнасьці» Беларусі. Зь іншага боку, дзяржаўны мэнэджмэнт так і не дарос да міжнароднага ўзроўню, ня ўмеючы годна падаць сябе на зьнешнім рынку:

«Прыкладаў такіх шмат. З улікам асабістых кантактаў зь дзелавымі людзьмі краінаў Захаду ведаю: урад, чальцы ўраду, шэраг міністэрстваў проста недапрацоўваюць. Я пра гэта раней гаварыў і, на жаль, зноў гавару. Ну, дрэнна людзі вучыліся ва ўнівэрсытэтах і інстытутах: хто вучыўся, а хто піва піў. Іншымі словамі, сёньня чыноўнік не жадае, калі хочаце — баіцца, калі хочаце — будзе пакараны за прыняцьцё кіраўніцкага рашэньня ці за нейкую ініцыятыву. Вось гэта мае месца і ў міжнародных адносінах. Вельмі шкада, але мы ў міжнародных стасунках сур’ёзна недапрацоўваем. Няма запытаньня з чыноўнікаў. Але ж няма спраў — дык няма і запытаньня, тут усё лягічна. А хтосьці нешта зрабіў, дык абавязкова аб’явяцца пяць кантралёраў, якія пераправераць, па якім кошце прадаў, які вынік перамоваў быў і г.д. Яшчэ раз кажу, што з такімі перакосамі далёка ня зойдзеш. І пакуль гэта вельмі сур’ёзны перакос, які выліваецца не ў разьвіцьцё, а ў пагаршэньне адносінаў з цэлым шэрагам дзяржаў. Ну, нельга так у наш час».

Спробы завабіць замежных інвэстараў празь непасрэдны прыход на стратэгічныя рынкі плёну пакуль не далі. Шырока разрэклямаваныя Беларускія інвэстыцыйныя форумы ў Лёндане і Франкфурце-на-Майне абярнуліся вялізнымі затратамі на камандзіровачныя чыноўнікам ды кіраўнікам дзяржаўных прадпрыемстваў, але так і ня выліліся ў рэальныя праекты. Такі ж лёс напаткаў і аналягічныя мерапрыемствы ў Менску.

Калісьці пасьпяховы беларускі бізнэсовец Уладзімер Кудзінаў, які нібыта за эканамічныя злачынствы адбыў працяглы тэрмін за кратамі і вымушаны быў зьехаць ва Ўкраіну, кажа, што інвэстары папросту ня бачаць варыянтаў укладаньня грошай у Беларусі. Па-сапраўднаму цікавыя сфэры ўлады не зьбіраюцца выводзіць зь дзяржаўнай уласнасьці, а выстаўленыя на разгляд маральна састарэлыя вытворчасьці, часьцей за ўсё, абстаўляюцца патрабаваньнямі захаваньня спэцыялізацыі. У выніку ўсё сканчаецца абяцаньнямі бізнэсоўцаў «падумаць». Затое, як кажа спадар Кудзінаў, адсутнасьцю дынамікі пасьпяхова карыстаецца Расея, якая чакае зручнага моманту, каб аднаасобна прыватызаваць самыя «ласыя кавалкі»:

«Калі сёньня разглядаць беларускую эканоміку, то відавочная яе залежнасьць ад Расеі. Іншымі словамі, у многім эканоміка трымаецца дзякуючы расейскаму донарству. Ніякай заслугі Лукашэнкі і ягоных падначаленых у „квітненьні“ беларускай эканомікі няма. Падтрымка жыцьцяздольнасьці адбываецца перадусім дзякуючы таму, што Расея пастаўляе танны газ, танную нафту, што Расея купляе беларускую прадукцыю. Хоць можна не сумнявацца, што заплаціць за гэта давядзецца спаўна. Але як толькі ўзаемаадносіны Лукашэнкі з кіраўніцтвам Расеі пагоршацца, як толькі ён адмовіцца выконваць умовы, якія навязвае Крэмль, натуральна, адразу ж стане нашмат складаней і, адпаведна, большым будзе незадавальненьне людзей. Справа ў тым, што шмат народу задзейнічана ў дзяржаўнай сфэры, працуюць на заводах, на фабрыках. І калі згорнецца рынак збыту іхняй прадукцыі, яны проста страцяць працу».

Магутнай антырэклямай спэцыфікі вядзеньня бізнэсу ў Беларусі паслужыла сытуацыя вакол кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак». На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі прадпрыемствы вярнулі пад дзяржаўны кантроль, а стратэгічнага акцыянэра, амэрыканскага бізнэсоўца Марата Новікава фактычна выціснулі зь беларускага рынку.

Больш сьвежы прыклад тычыцца праекту рэканструкцыі менскага стадыёну «Дынама». У кастрычніку было абвешчана, што тэндэр на аднаўленьне футбольнай арэны выйграла вядомая вугорская інжынірынгавая кампанія «Грабоплан». Ацэнены аб’ём працаў — 145 мільёнаў даляраў. Аднак на мінулым тыдні Лукашэнка правёў адмысловую нараду адносна будучыні «Дынама», падчас якой даў зразумець: рашэньне прынятае пасьпешліва, а справіцца з задачай могуць і мясцовыя спэцыялісты. У якасьці годнай замены была названая кампанія «Трайпл», якой кіруе праўладны бізнэсовец Юрый Чыж.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG