Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледчык Курапатаў: «Трэба думаць не пра канфлікт, а пра мэмарыял»


Гісторык Ігар Кузьняцоў сёньня заявіў, што і надалей будзе наведваць Курапаты. Так ён адрэагаваў на ўчорашнюю публічную заяву аднаго зь лідэраў КХП-БНФ Валера Буйвала, які назваў Кузьняцова пэрсонай нон-грата на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні.

Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў даўно займаецца тэмай ахвяраў сталінізму. Ён не хавае, што ў мінулым, да 1985 году, быў палітруком. А першая ягоная публікацыя на тэму палітычных рэпрэсіяў зьявілася ў інфармацыйнай прасторы Беларусі ў 1993 годзе.

Ігар Кузьняцоў кажа, што прадстаўнікі КХП-БНФ і раней ставіліся да яго зь недаверам, бо, як ён мяркуе, яны «прыватызавалі » Курапаты. А ўчорашні выступ супраць сябе Ігар Кузьняцоў зьвязвае з днём 14 кастрычніка 2012 году, калі ён знаёміў каталіцкую грамадзкасьць з гісторыяй Курапатаў:

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў
«І тады толькі я даведваюся, што з другога боку Курапатаў, дзе ніхто не бывае, ідзе нейкая будоўля. Там ужо вывернутыя горы зямлі. Я асабіста падышоў, паглядзеў. І з 14 кастрычніка я, дзе гэта толькі можна, камэнтаваў: як жа такое магло адбыцца?

„Пазьнякоўцы“ гэта ведалі. Яны ж заяўлялі, што гэта — іх тэрыторыя. Дык як жа гэта так — цягам дзесяці гадоў вы абыходзіце тэрыторыю, ставіце крыжы — і нічога ня кажаце пра будоўлю?!»

Намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі сёньня назваў ацэнку Валерыя Буйвала эмацыйнай:

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
«Гэта эмацыйная ацэнка. Яна ня цягне за сабою ніякіх іншых наступстваў. Гэта — проста ацэнка людзей».

Разам з тым спадар Беленькі адзначае, што ў выказваньні Валера Буйвала — ня толькі эмоцыі:

«Мы ж таксама аналізуем сытуацыю. Як кажуць, ня толькі эмоцыі тут, але і халодны розум ёсьць. Справа ж ня толькі ў тым, што рабілася на працягу апошніх дзён. Мы ж ведаем, што на працягу апошніх 10–11 гадоў спадар палітрук, водзячы дэлегацыі па Курапатах, паліваў брудам першаадкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка.

Гэта ня тое, што вось узяло ў нас раптам і нешта выскачыла. Гэта такое чалавечае. Ведаеце, як у побыце — ну, непажадана, каб нейкая асоба прысутнічала. Ніхто не забараняе гэтай асобе прыйсьці. Але навошта гэтай асобе быць там, дзе яе ня хочуць бачыць? Хоча ён прыходзіць — няхай прыходзіць, калі гэта ня будзе супярэчыць ягонаму сумленьню».

Курапатамі ўжо доўгі час займаецца археоляг, кандыдат гістарычных навук Мікола Крывальцэвіч.

Мікола Крывальцэвіч
Мікола Крывальцэвіч
«Мне гэта цяжка камэнтаваць. Я ня так добра ведаю Кузьняцова. Дрэнна ведаю Беленькага. Я толькі ведаю Курапаты. І гаварыць пра тое, хто тут вінаваты, а хто не, я б не хацеў. Мяне хвалююць больш Курапаты. А ня гэтыя адносіны, якія складаюцца невядома на якой глебе і з-за чаго. Трэба думаць пра Курапаты — як іх захаваць і што рабіць далей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG