Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіслач. Віталя Лопасава аштрафавалі на 3 мільёны рублёў

абноўлена

Моладзевага актывісты прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі.

Гарадзенца Віталя Лопасава асудзілі на 3 мільёны рублёў штрафу. На ягонае ўражаньне, судовыя працэсы над ім і ягонымі сябрамі нагадвалі тэатральны спэктакль, бо тыя самыя дзеі паўтараліся некалькі разоў: сьведкі паўтаралі тое самае і на ўсіх працэсах глядзелі ад пачатку да канца той самы відэазапіс.

Лопасаў: «Ды я ўжо нічому не зьдзіўляюся ў гэтай краіне. Проста было сьмешна глядзець на гэтага судзьдзю: усё разумее, усьміхаецца... Сьмешна было на яго глядзець. Ён рабіў ня тое, чаго патрабуе ягоная справа, а тое, што яму сказалі праз тэлефон рабіць. Вось і ўсё».

Праваабаронца з Горадні Віктар Сазонаў, які неаднойчы прысутнічаў на падобных судах, уражаны, як зацягваюцца працэсы ў звычайнай адміністрацыйнай справе. Зрэшты, паводле Сазонава, гэта яшчэ можна зразумець, але ён ня можа ўцяміць, за што выносяць прысуды:

«Ад такіх судоў уражаньне заўсёды складаецца прыкрае, бо бачыш, што людзей судзяць, па сутнасьці, за тое, чаму вучылі ў школе: за іх патрыятызм, памяць пра сваіх продкаў і ў тым ліку да сваёй сымболікі».

Вінаватым сябе Лопасаў не прызнаў і зьбіраецца дамагацца, каб яму вярнулі сьцяг.

Гарадзенца Віталя Лопасава разам з Станіславай Гусаковай зь Віцебску, Алесем Кратом зь Менску, Віталём Ашуркам зь Бярозаўкі Лідзкага раёну затрымалі ў Сьвіслачы ў суботу пасьля акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

На ўсіх склалі ў пастарунку пратаколы нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. Праўда, Лопасава адпусьцілі дамоў, бо ён быў разам зь непаўналетнім сынам, а астатніх пакінулі да суду ў СІЗА.

Раней Станіславу Гусакову асудзілі на 3 сутак арышту. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі. Рашэньнем суду пастаноўлена канфіскаваць у яе бел-чырвона-белы сьцяг.

Станіславе Гусаковай зь Віцебску давядзецца адбываць яшчэ суткі ў сьвіслацкім ізалятары часовага ўтрыманьня, бо двое сутак у часовым ізалятары яна ўжо адбыла. Гусакова заявіла «Свабодзе», што пасьля адбыцьця пакараньня будзе абскарджваць рашэньне суду і дамагацца, каб ёй вярнулі канфіскаваны сьцяг.

Мерапрыемствы па ўшанаваньні памяці паўстанцаў Каліноўскага традыцыйна адбываюцца ў Сьвіслачы ў апошні тыдзень кастрычніка з 1996 году. У гэты дзень ускладаюць кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помніка Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту, а таксама наведваюць фальварак Якушоўка, дзе нарадзіліся браты Каліноўскія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG