Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Горках адклалі «Дажынкі»?


Адзін з банэраў у Магілёве. На “Дажынкі” запрашаюць, але на калі невядома.
Адзін з банэраў у Магілёве. На “Дажынкі” запрашаюць, але на калі невядома.

Адкрыцьцё фэстывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі», які сёлета адбудзецца ў райцэнтры Горкі на Магілёўшчыне, адкладзенае прынамсі на тыдзень. Афіцыйна прычыну пераносу не называюць.

Першапачаткова днём адкрыцьця фэстывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі-2012» мелася стаць 14 верасьня. У праграме тэлевізійных перадач у гэты дзень пазначана, што ў 15.15 пачнецца жывы эфір з адкрыцьця фэстывалю з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. 21 верасьня ў тэлевізійнай сетцы перадач пазначана тое ж, што і чатырнаццатага. Дык ці вызначана дакладна дата правядзеньня «Дажынак»?

«Пакуль яшчэ не зразумела. Самі чакаем. Невядома пакуль», — заявіў супрацоўнік райвыканкаму.

У раённым савеце дэпутатаў таксама даты адкрыцьця «Дажынак» ня ведаюць:

«Усё гэта пакуль толькі на слыху, а афіцыйна я нідзе пакуль ня чуў пра дату «Дажынак». Дату ж «Дажынак» абвяшчаем ня мы і нават не райвыканкам і аблвыканкам. Абвяшчае вышэйстаячы орган. Калі сродкі масавай інфармацыі рэспубліканскага значэньня паведамяць, вось тады й будуць «Дажынкі».

Карэспандэнт: «А ці Горкі падрыхтаваныя да „Дажынак“?»

Супрацоўнік райсавету: «Зразумела. Во цяпер лоск наводзіцца. А так аб’екты ў прынцыпе ўсе скончаныя. Калі б сказалі чатырнаццатага, то мы б і да чатырнаццатага падрыхтаваліся».

А вось меркаваньні жыхароў Горак не настолькі адназначныя. Адно зь іх:

«Гэта ўжо ўсё настолькі нас даняло, што хутчэй бы яно скончылася. Зразумела, гэта ўсё скончыцца ня хутка. Мы яшчэ за гэта ўсё расплачвацца будзем гадоў пяць, калі яно пачне развальвацца праз паўгода. Ні ўпарадкаваньня ніякага — нічога. Усё тут у такой разрусе, што жах. Ужо няма ніякіх сілаў».

Пра тое, што Горкі не падрыхтаваныя да «Дажынак», заяўляе і кандыдат на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў, эканаміст Андрэй Юркоў.

«Як можна за паўгода, ну няхай за год, зрабіць такі вялізны аб’ём працы і захаваць пры гэтым якасьць? Гэтую працу трэба было пачынаць за тры-чатыры гады ды паволі рабіць. А ў нас цяпер у апошні момант пачынаюць кідацца аўральна».

Яшчэ адзін кандыдат на дэпутацтва, Рыгор Кастусёў, мае досьвед падрыхтоўкі Шклова да «Дажынак». Ён двойчы рыхтаваў райцэнтар да фэстывалю — у 1999 і 2000 гадах. У 1999 годзе, як кажа спадар Кастусёў, «Дажынкі» адбыліся, але без размаху. Год выдаўся неўраджайны. У 2000-м Шклоў «Дажынкі» прымаў другі раз. Рыгор Кастусёў тады кіраваў раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркай. З чым зьвязвае палітык адкладаньне «Дажынак»?

«Сьвяту „Дажынкі“ надаецца палітычны аспэкт. Людзям пакажуць, што ў краіне сьвята, у краіне добры ўраджай, добрыя заробкі ў людзей, і прэзыдэнт падарункі дае. І гэта будзе скарыстана, я лічу, уладай на выбарцаў. Маўляў, у нас усё добра і Беларусь сапраўдная — гэта Беларусь, якую паказваюць па тэлебачаньні».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на падрыхтоўку Горак да «Дажынак» патрацілі звыш 740 мільярдаў рублёў. Больш за 246 аб’ектаў у райцэнтры адрамантавалі альбо ўзьвялі наноў. Рыхтавалі Горкі да «Дажынак» будаўнікі з усяе Беларусі. 8 верасьня на суботніку рыхтавалі да «Дажынак» і Магілёў. Выйдуць магілёўцы на суботнік і 15 верасьня.

Галоўная плошча “Дажынак” (фота тыднёвай даўніны)
Галоўная плошча “Дажынак” (фота тыднёвай даўніны)

Амфітэатар, дзе пройдзе адкрыцьцё “Дажынак” (фота тыднёвай даўніны)
Амфітэатар, дзе пройдзе адкрыцьцё “Дажынак” (фота тыднёвай даўніны)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG