Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Актывіста затрымалі за продаж незалежнай газэты на вуліцы

абноўлена

Аляксандар Працко, архіўнае фота
Аляксандар Працко, архіўнае фота

У Гомелі 20 жніўня раніцай затрыманы й дастаўлены ў Чыгуначны РАУС грамадзкі актывіст Аляксандар Працко.

На Прывакзальнай плошчы ён прадаваў незалежную газэту «Новы час». Актывіста з 120 асобнікамі нераспраданай газэты ў аддзел даставіў старшы лейтэнант міліцыі Дзяніс Новікаў. У спадара Працко ўзялі тлумачэньне й склалі адміністрацыйны пратакол за гандаль у неналежным месцы.

Працко: «У мяне ёсьць дамова з рэдакцыяй на продаж выданьня. Я паказаў яе міліцыянтам. Патлумачыў, што ў лесе газэту прадаваць ня буду. „Новы час“ выкінулі зь дзяржаўнага распаўсюду, таму й даводзіцца прадаваць газэту на вуліцы».

Да затрыманьня актывіст пасьпеў прадаць 5 асобнікаў «Новага часу». З РАУСу Аляксандра Працко ў апорны пункт на вуліцу Чырвонаармейскую. Там капітан міліцыі Сяргей Паўлюшчанка склаў у дачыненьні да актывіста адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 12.17 — парушэньне правілаў гандлю, а менавіта — гандаль у неналежным месцы. Пасьля гэтага яго адпусьцілі.

Працко: «Газэта фактычна выкінута на вуліцу — у шапіках нельга яе прадаваць. Таму мы стаім на вуліцы ў розных месцах і прадаём з рук. Раней ніхто не затрымліваў. Дакумэнты правяралі, тэлефанавалі свайму начальству — і адпускалі».

Шэф-рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль спраўдзіў існаваньне афіцыйнай дамовы з Аляксандрам Працко на продаж газэты. Рэдакцыя абскардзіць міліцэйскі пратакол:

«Яны не чытаюць уласныя законы. Раней дзейнасьць на продаж газэт ліцэнзавалася. З 2010 году ліцэнзаваньне адменена. Цяпер нідзе не прадугледжаны дазвол на месца продажу газэт і часопісаў ад раённых адміністрацыяў. Гэта зараз не патрэбна».
Гэта наўпрост зьвязана з выбарчай кампаніяй

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў зьвязвае затрыманьне актывіста з газэтамі менавіта з абмежаваньнем інфармацыі ў перадвыбарчы пэрыяд:

«Гэта наўпрост зьвязана з выбарчай кампаніяй. Ужо не адзін год Аляксандар Працко займаецца распаўсюджваньнем „Новага часу“, і пытаньняў ніколі не паўставала, калі ён паказваў неабходныя дакумэнты. Зараз ідзе выбарчая кампанія, а ў гэтым нумары на першай старонцы матэрыял „Прывід ходзіць па краіне“. Размова ў ім ідзе пра выбары, параўноўваецца, як гэта было ў савецкія часы. Безумоўна, такія матэрыялы не даспадобы ўладам, і яны вырашылі прыняць меры».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG