Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тактыка ўладаў падчас выбарчай кампаніі


Закончыўся першы этап выбарчай кампаніі. Пра што сьведчаць вынікі фармаваньня выбарчых камісій? Які якасны склад кандыдатаў ад ўлады?

Удзельнікі: палітоляг Юрый Чавусаў і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Вынікі фармаваньня выбарчых камісій


Валер Карбалевіч: «Вядома, любыя выбары, нават тыя, якія праводзяцца ў недэмакратычных дзяржавах, усё роўна зьяўляюцца выклікам для уладаў, у пэўным сэнсе ствараюць крызіс легітымнасьці. Таму да любых выбараў недэмакратычныя рэжымы ставяцца вельмі сур’ёзна. Невыпадкова Лукашэнка на любых нарадах па самых розных пытаньнях увесь час зьвяртаецца да тэмы выбараў, імкнецца мабілізаваць увесь дзяржаўны апарат. Першым крокам для атрыманьня патрэбнага выніку стала фармаваньне выбарчых камісій. Як можна ацаніць вынікі гэтага фармаваньня?»

Юрый Чавусаў
Юрый Чавусаў
Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Юрый Чавусаў: «Нават у параўнаньні з акруговымі камісіямі прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковых камісях аказалася менш. Яны будуць працаваць толькі ў 1% участковых камісій. Гэта таксама менш, чым было на папярэдніх выбарах. Такім чынам, улады імкнуцца захаваць поўны кантроль над той фазай выбарчай кампаніі, якая нясе для яе найбольшую небясьпеку, то бок, за падлікам галасоў і абвяшчэньнем іх вынікаў. Таму пра гэтыя выбары мы можам казаць як пра нейкі адміністратыўны працэс. Атрымліваецца, што гульня ўлады ў выбары адбываецца сама па сабе, а гульня апазыцыі па пытаньні фармату ўдзелу ў гэтых выбарах адбываецца у іншай плашчыні».

Паўлюк Быкоўскі: «Па вялікім рахунку, згодны з спадаром Чавусавым, але адначасова хацеў бы выступіць адвакатам д’ябла. Насамрэч, ня шмат прадстаўнікоў апазыцыі вылучалася ва ўчастковыя камісіі. Але нават іх прысутнасьць там магла б толькі засьведчыць, што адбываецца ў камісіях. Але яны не маглі б уплываць на вынікі іх працы. Абсалютна згодзен з тым, што вынікі выбараў будуць вызначаць чыноўнікі, і немагчыма будзе пракантраляваць, як галасавалі выбаршчыкі».

Кандыдаты ад улады


Карбалевіч: «Каго ўлады вылучаюць сваімі кандыдатамі ад улады? Вядома, што Лукашэнка даў даручэньне, каб траціна новага складу Палаты прадстаўнікоў склалі цяперашнія дэпутаты. А хто астатнія? Ці ёсьць тут нешта новае? Як праўладныя кандадаты ладзяць сваю агітацыю? Ці моцна выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс?»

Чавусаў: «У параўнаньні з папярэднімі выбарамі сярод кандыдатаў ад улады назіраецца больш маладых людзей. Гэта можа зьмяніць імідж Палаты прадстаўнікоў як перадпэнсійнага адстойніка. Парлямэнт зь месца старту палітычнай кар’еры ператварыўся ў месца яе завяршэньня. Але ў акругах вылучаюцца больш чым адзін кандыдат, якіх можна аднесьці да людзей, ляяльных уладзе.
Упершыню заўважна вылучэньне кандыдатаў, якія працуюць у КДБ

Упершыню заўважна вылучэньне кандыдатаў, якія працуюць у КДБ. Таму „фракцыя генэрала Зайцава“, пра магчымасьць якой кажа апазыцыя, можа стаць рэальнасьцю ў натуральным выглядзе. Гэта можа быць ускосным сьведчаньнем таго, што, магчыма, адбудзецца павелічэньне ролі парлямэнту ў межах існага рэжыму за кошт якаснага складу дэпутатаў.

Не назіраецца агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі ў падтрымку кандыдатаў ад улады. У кожным рэгіёне мясцовыя ўлады па-свойму прасоўваюць сваіх кандыдатаў. Ад цэнтральных уладаў патрабуюцца толькі славутыя, сакральныя 500 даляраў сярэдняга заробку.

Кандыдаты ад улады пачалі агітацыйную кампанію да таго часу, як яна будзе афіцыйна абвешчана. Яны піярыліся ў рэгіянальных выданьнях. На сустрэчы зь імі мабілізуюцца выбаршчыкі. Але ўсё гэта не набыло масавага характару. Таму з боку ўлады выбарчая кампанія хутчэй нагадвае адміністратыўны працэс, нейкія „Дажынкі“. Мясцовую вэртыкаль найперш хвалюе забесьпячэньне высокай яўкі выбаршчыкаў. А на нацыянальным узроўні ўлады імкнуцца не надаць кампаніі флёру канкурэнцыі. Дзяржаўныя мэдыі старанна замоўчваюць саму тэму выбарчай кампаніі, абсалютна не заўважаецца дзейнасьць апазыцыі».

Праўладныя партыі


Чавусаў: «Адзіны суб’ект, які істотна зьмяніў сваю пазыцыю, — гэта праўладныя палітычныя партыі. Яны павялічылі колькасьць сваіх вылучэнцаў у выбарчыя камісіі і ў кандыдаты ў дэпутаты. Здаецца, ўлады робяць тэставае выпрабаваньне некаторых элемэнтаў для пераходу ў пэрспэктыве да прапарцыйнай сыстэмы выбараў. На гэтых выбарах упершыню заканадаўства дазваляе партыям вылучаць сваіх чальцоў незалежна ад наяўнасьці партыйнай структуры ў выбарчай акрузе. У выніку гэтага значна паменшылася роля такога спосабу вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, як збор подпісаў. Як вынік, апазыцыя значна менш цяпер зьбірае подпісаў, чым раней. А гэта ж магчымасьць працаваць з насельніцтвам больш працяглы пэрыяд. Нават у Менску толькі некалькі апазыцыйных кандыдатаў ажыцьцяўлялі збор подпісаў».

Быкоўскі: «Падводзіць вынікі рана, бо рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты не завяршылася. Шмат хто зь дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў выступіў з публічнымі дэпутатскімі справаздачамі. На мінулых выбарах такога назіраць не давялося.

Цяпер кандадаты могуць карыстацца легальным пазабюджэтным фондам. Думаю, некаторыя будуць праводзіць агітацыю на FM-радыёстанцыях. Як гэта рабілі Саньнікаў і Някляеў падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі.

А праўладныя партыі ажываюць перад кожнай выбарчай кампаніяй. Я зьвярнуў увагу, што пры вылучэньні ў акружныя выбарчыя камісіі былі пэўныя рэгіянальныя анамаліі. Напрыклад, у Гомельскай вобласьці было шмат адмоў прадстаўнікам праўладных арганізацый. Але, хутчэй за ўсё, гэта гульні на мясцовым узроўні.

Сярод апазыцыі актыўнасьць у зборы подпісаў праявілі тыя структуры, якія, паводле заканадаўства, не маглі карыстацца партыйным вылучэньнем. Увогуле, ня думаю, што ўлады памяняюць ролю Палаты прадстаўнікоў як перадпэнсійнага месца».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG