Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва БАЖ паручылася за Антона Сурапіна


Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец і старшыня БАЖ Жана Літвіна.
Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец і старшыня БАЖ Жана Літвіна.

Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў перадало ў КДБ хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня фотажурналісту Антону Сурапіну.

«Мы, Літвіна Жана Мікалаеўна і Бастунец Андрэй Леанідавіч, паводле арт. 121 КПК Рэспублікі Беларусь хадайнічаем пра зьмену меры стрыманьня, ужытай да Сурапіна Антона Андрэевіча, які абвінавачваецца ў садзейнічаньні незаконнаму перасячэньню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт 371 КК) , і вызваленьне яго з-пад варты пад нашае асабістае даручніцтва. Даём гарантыі, што Сурапін А. А., знаходзячыся на волі, не схаваецца ад органу крымінальнага перасьледу і суду, ня будзе перашкаджаць расьсьледаваньню справы ці разгляду яе судом і ня будзе займацца злачыннай дзейнасьцю», — гаворыцца ў даручніцтве.

БАЖ адзначае, што, паводле Крымінальга кодэксу, паручыцца за зьняволенага могуць два ці болей раней несудзімыя грамадзяніны краіны, якія «заслугоўваюць давер». У сувязі з гэтым БАЖ «прапануе ўсім неабыякавым грамадзянам таксама падпісаць адпаведнае даручніцтва і накіраваць яго ў КДБ Беларусі (Менск, праспэкт Незалежнасьці, 17)».

20-гадовы Антон Сурапін быў затрыманы КДБ 13 ліпеня па справе пра незаконнае перасячэньне мяжы швэдзкім лёгкаматорным самалётам. Інцыдэнт здарыўся раніцай 4 ліпеня. Над Івянцом і Менскам былі скінутыя сотні плюшавых мядзьведзянятаў. Адказнасьць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі швэдзкай піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.

Студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ Антон Сурапін першым зьмясьціў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў. У дачыненьні да маладога чалавека ўсчалі крымінальную справу паводле часткі 3 артыкулу 371 Крымінальнага кодэксу. Яго абвінавачваюць у «садзейнічаньні наўмыснаму незаконнаму перасячэню мяжы, учыненаму арганізаванай групай асобаў», паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG