Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазэці: Мы чакаем ад КДБ запрашэньня, а не пагрозаў


Калі КДБ хоча, каб швэды прыехалі ў Менск даць паказаньні ў справе «плюшавага дэсанту», яно павінна даслаць запрашэньне, а не пагрозы.

Так пракамэнтаваў агенцтву Ройтэрс цяперашнюю сытуацыю са справай «плюшавага дэсанту» Томас Мазэці. Ён пілятаваў лёгкаматорны самалёт, які 4 ліпеня парушыў дзяржаўную мяжу Беларусі і скінуў плюшавыя мядзьведзікі з патрабаваньнямі свабоды слова ў краіне.

Калі яны зьяўляюцца сур’ёзным дзяржаўным ведамствам, яны павінны прыслаць нам ліст

«Мы сказалі, што калі яны патрабуюць нашай дапамогі ў расьсьледаваньні таго, што мы зрабілі, мы прыедзем, але ў дадзены момант мы атрымліваем пагрозы, якія, паводле нашых крыніцаў, паходзяць з КДБ, і гэта не дапамагае нам прыняць запрашэньне. Калі яны зьяўляюцца сур’ёзным дзяржаўным ведамствам, яны павінны прыслаць нам ліст» — сказаў Мазэці.

Гаворачы пра абвінавачаньні, выстаўленыя Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву ў сувязі са справай «плюшавага дэсанту», Мазэці адзначыў:

«Я думаю, гэта доказ ірацыянальнасьці і мэханікі зла з боку дыктатуры. Іх абвінавацілі ў абсурдных злачынствах, як дапамога нам у перасячэньні мяжы, хоць адзінай рэччу, якую зрабіў Антон, напрыклад, была публікацыя здымка мядзьведзіка».

Ацэньваючы сваю акцыю са скіданьнем мядзьведзікаў на Беларусь, Мазэці сказаў:

«Цяпер Лукашэнка знаходзіцца пад моцным ціскам. Ён дзейнічае ірацыянальна, але наша мэта — свабода слова і дэмакратыя ў Беларусі. Калі яна будзе дасягнутая, мы будзем шчасьлівыя; у даўжэйшай пэрспэктыве наш невялікі ўклад будзе толькі малой часткай гэтага».

Тым часам прэсавы прадстаўнік беларускага КДБ Аляксандар Антановіч у размове з Ройтэрсам яшчэ раз паўтарыў прапанову беларускіх чэкістаў «швэдзкім падданым» прыехаць у Менск, каб высьветліць усе акалічнасьці парушэньня дзяржаўнай мяжы Беларусі і Літвы. Адначасова Антановіч выказаў заклапочанасьць, што ў гэтым паветраным інцыдэнце ў ліпені было парушанае «заканадаўства НАТО»:

Нашы грамадзяне зьяўляюцца закладнікамі КДБ. Гэтымі акалічнасьцямі яны хочуць маніпуляваць, хочуць прымусіць швэдзкіх грамадзянаў узяць хоць бы маральную адказнасьць за іх знаходжаньне ў сьледчым ізалятары

«Было парушанае міжнароднае заканадаўства ў галіне ажыцьцяўленьня паветраных палётаў. Было парушанае заканадаўства ня толькі Рэспублікі Беларусь, але і Літвы, напэўна, і Швэцыі, ну і, безумоўна, НАТО».

Спробу КДБ сьцягнуць у Менск швэдаў, замешаных у «плюшавы дэсант», беларускі праваабаронца Гары Паганяйла пракамэнтаваў наступным чынам:

«Нашы грамадзяне зьяўляюцца закладнікамі КДБ. Гэтымі акалічнасьцямі яны хочуць маніпуляваць, хочуць прымусіць швэдзкіх грамадзянаў узяць хоць бы маральную адказнасьць за іх знаходжаньне ў сьледчым ізалятары. Хоць, на мой погляд, наіўна думаць, што швэдзкія грамадзяне — ведаючы, якое ў нас правасудзьдзе і што сабою ўяўляе КДБ — могуць сюды прыехаць і прапанаваць свае паслугі для супрацоўніцтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG