Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мальдзісава адказнасьць


Спадзяюся, што кнігі прафэсара Мальдзіса яшчэ дачакаюцца і перавыданьняў, і ўдзячных чытачоў зь ліку маладых пакаленьняў беларусаў. Напісаў ён іх шмат — навуковых і папулярных, выдатных і цікавых, вялікіх і малых. Яго даробак — значная частка падмурка сучаснай беларускай культуры. І гэта застанецца назаўсёды.

Але ў дзень юбілею прафэсара мне хочацца сказаць болей не пра яго плён, але пра яго асобу і яго падзьвіжніцтва. Некалі ён запрасіў мяне на працу ў Акадэмію навук, пяць гадоў я працаваў пад яго кіраўніцтвам у Скарынаўскім цэнтры — думаю, гэта дае мне права сказаць слова да ягонага юбілею.

Прафэсар Адам Мальдзіс належыць да амаль зьніклага ў нашы часы тыпу навукоўца-падзьвіжніка, навукоўца-патрыёта. Адну зь яго асабістых якасьцяў хочацца вылучыць тут асабліва.

У юбілей прафэсара мне думаецца пра яго бескарысьлівую адданасьць нацыянальнай навуцы і культуры. Якраз гэта, а не ўласнае самасьцьверджаньне, не пасады і званьні былі і застаюцца матывам яго плённай навуковай дзейнасьці, усіх ягоных адкрыцьцяў і дасягненьняў.

Матыў і рухавік усяго гэтага — Мальдзісава адказнасьць. І раней, і цяпер вакол нас шмат людзей, у тым ліку і дзеячоў культуры, навукі і журналістыкі, матывам дзейнасьці якіх застаюцца яны самі, іх уласнае «я» і любоў да гэтага «я». У Мальдзіса ж галоўнае — адказнасьць. Адказнасьць за Бацькаўшчыну, за родную культуру, за свой народ. Гэта яна, адказнасьць, клікала яго ў шматлікія падарожжы па сьвеце ў пошуках сьлядоў і артэфактаў беларускай культуры, гэта яна прымушала яго пісаць свае выдатныя кнігі, гэта яна прымушала яго папулярызаваць веду пра Беларусь. І тая ж адказнасьць паклікала прафэсара да арганізацыйнай справы ў навуцы, калі ён стварыў Скарынаўскі цэнтар, калі арганізоўваў Асацыяцыю беларусістаў, выданьне яе альманаху, калі ўзначальваў камісію «Вяртаньне» ў Фондзе культуры і дбаў пра вяртаньне на бацькаўшчыну спрэс пакрадзеных у нас помнікаў культуры; калі арганізоўваў энцыкляпэдычныя і іншыя калектыўныя выданьні і дасьледаваньні.

Якраз гэтай адказнасьці, на жаль, так мала цяпер вакол нас, цяпер чамусьці усё болей адказных за сябе... Гэта, відаць, вынік распаду культурнай беларускай прасторы.

Мальдзісава ж адказнасьць, якая, на маю думку, зьяўляецца прыкметай высокай, элітнай інтэлігентнасьці, абранасьці, прымушала прафэсара заўсёды падтрымліваць маладыя кадры і радавацца за іх даробак. Як кіраўнік, ён мог «піярыць» і «прасоўваць» свайго супрацоўніка (і рабіў гэта) толькі ў адным выпадку — калі бачыў, што працы таго калегі нясуць карысьць беларускай навуцы і культуры. І ніякіх іншых, у тым ліку асабістых, матываў, і ніякай зайздрасьці. Ня раз я бачыў яго шчасьлівыя вочы, калі нехта з маладых прыносіў яму сваю працу — калі тэкст быў варты, прафэсар радаваўся і за аўтара, і за родную культуру, якая атрымала яшчэ адзін варты тэкст і яшчэ аднаго плённага аўтара. Цяжка ўявіць, што прафэсар Мальдзіс мог бы скарыстацца чыімсьці даробкам у сваіх асабістых мэтах...

Ну а калі вярнуцца да прафэсарскага навуковага і культурнага даробку, дык у ягоны юбілей варта сказаць адно. Гэта сапраўдны сорам беларускай Акадэміі навук — ня мець сваім членам ТАКОГА навукоўца і ТАКОГА падзьвіжніка роднай культуры.

Многая лета, дарагі Адам Іосіфавіч! Плёну Вам і здароўя!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG