Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З другога разу лекі Новікавай перадалі


Тацяна Новікава
Тацяна Новікава

Сваякі перадалі лекі для каардынатара Беларускай антыядзернай кампаніі Тацяны Новікавай, якая адбывае адміністратыўны арышт на Акрэсьціна.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміла старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій.

Раней сёньня ёй не ўдалося перадаць лекі, бо Сухій сказалі, што нехта ўжо прынёс адну перадачу для Новікавай:

«Таму я паехала да сваякоў Тацяны, і мы пад’ехалі да Акрэсьціна ўжо зь сястрой Тацяны. У яе лекі прынялі».

Сёньня Новікаву плянуе наведаць адвакат, якога раніцай не пусьцілі на той падставе, што ў гэты час праходзіў мэдычны агляд, і прапанавалі прыехаць пазьней. Магчыма, ён сустрэнецца з Новікавай каля 16 гадзіны.

Актывістаў Беларускай антыядзернай кампаніі Тацяну Новікаву і Андрэя Ажароўскага затрымалі раніцай 18 ліпеня. Яны зьбіраліся перадаць у амбасаду Расеі ў Менску адкрыты зварот супраць падпісаньня генэральнага кантракту на будаўніцтва АЭС. Доўгі час пра іх месцазнаходжаньне нічога вядома не было. Увечары 18 ліпеня высьветлілася, што суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў іх па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве. Новікавай прысудзілі пяць, а Ажароўскаму — дзесяць сутак адміністратыўнага арышту.

Тацяна Новікава хранічна хворая, у яе выдалена шчытападобная залоза. Яна ня можа жыць без пастаяннага прыёму спэцыяльных прэпаратаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG