Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Благога чалавека заўважыш адразу...»


Калі бачыш двухкілямэтровую мапу Беларусі, дык вёскі на ёй пазначаныя не звычайнымі картаграфічнымі кружочкамі, а выцягнутымі лініямі вуліц і завулкаў. А калі б на сёньняшніх мапах адлюстравалі рэальную карціну, дык ад тых ліній не засталося б і сьледу. Бо ў большасьці паўналюдных некалі вёсак дажываюць свой век літаральна некалькі чалавек. Як, напрыклад, на мяжы Докшыцкага, Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў. Куды ваш пакорны слуга выправіўся ў кампаніі з глыбоцкім журналістам Зьмітром Лупачом. Зьміцер Лупач быў раней аграномам і добра памятае, як выглядалі гэтыя вёскі яшчэ пару дзесяцігодзьдзяў таму. Сёньня большасьць вёсак ператварыліся ў маўклівыя зарасьці, зь якіх часам тырчаць рэшткі дамоў.



Сваё падарожжа мы пачалі з могілак вёскі Ласкаўшчыны. Уражвае колькасьць магіл яшчэ зусім маладых людзей.


Што кажа пра адно. Вёскі маглі б жыць і сёньня.


— Як я працаваў тут брыгадзірам, у маёй брыгадзе працавалі хлопцы. Паўміралі, адзін у 35 гадоў, другі ў 42. Самы старэйшы — у 50. Акрамя аднаго чалавека, усе ад гарэлкі. Можа, каб былі ў іх сем’і, яны б засталіся. А так былі халасьцякамі. Пакуль жылі бацькі, жылі і яны. А як бацькі паўміралі, яны доўга не пажылі.


Мы стаім на мяжы Докшыцкага і Пастаўскага раёну. І вельмі шмат вёсак, дзе адзін-два чалавекі жывуць.


Вёска Гігалы за апошнія гады зьвялася да адной хаты. Дзе жыве старая Тэрэса са сваім саракагадовым сынам. Пакуль сын сьпіць дзённым непрабудным сном, мы разгаварыліся са старой.


— Добры дзень. Як гэтая вёска называецца?


— Горад Гігалы.


— Вы адна тут жывяце?

— Сын яшчэ.


— Як вам тут жывецца?


— Вельмі добра. Весела. Ніхто не замінае.


— Ня страшна?


— А чаго? Грошай няма. Чаго баяцца? Мужчыны за год паўміралі, штук шэсьць. То гарэлка задушыла, то пятля. Ніхто не чапае. Бандытаў ніякіх няма. І гэты ж во, сын.


— А ён нідзе не працуе?


— Кожны дзень працуе. То косіць, то арэць, то п’ець. Штодзень душыцца. А толку няма.


Вельмі характэрная дэталь сёньняшняга жыцьця. Весела, бо грошай няма! Значыць, няма ад каго бараніцца.


Па дарозе мы ехалі празь вёску Заўлічы. Дзе ў атачэньні нежылых хат разбураецца тыповы будынак польскай міжваеннай школы.


Зарослы пустазельлем, з трэшчынамі ў столі сымбаль адыходзячай эпохі. На адной са сьцен надпіс «Жыве Беларусь». У такім антуражы — зусім не аптымістычны.


Вёска Курылавічы. Гаспадыні гэтай вёскі, Адальфіне Крук, хутка споўніцца 92 гады. Гэта разумная і з пачуцьцём гумару кабета.


— Колькі гадоў вам?


— Дзевяноста другі.


— І як вам тут жывецца?


— Нічога сабе. Працавала яшчэ летась. Усё рабіла. Агароды дагледзела. А сёлета ўжо я не работніца. Працавала ўсё жыцьцё. Засталася без мужыка. Года не пажыла, яго забралі немцы. А я засталася. І сына хацела выгадаваць. Працавала як дзікая і Богу малілася. І вось трымае мяне Бог. Ужо хацела паміраць. Хачу рабіць, а ўжо не магу. І жыць надакучыла.


— А сын дзе?


— У Глыбокім. Хату яму купіла.


— А як гэта вы пабудавалі хату?


— Я ж рабіла, як мужчына. І арала, і касіла. Усё рабіла. І пэнсію неблагую атрымліваю.


Якія толькі сюжэты не здараюцца з часоў нямецкай акупацыі. Аказваецца, муж Адальфіны, якога немцы зьвезьлі на работы ў Нямеччыну, зусім ня згінуў на чужыне.


— Яго немцы забралі. Ён там атруціўся гарэлкай. Не на сьмерць. Падлячылі, групу далі. Дык што, ён паедзе сюды? А пасьля расьпіўся. Мне ягоны друг расказваў. Расьпіўся, кажа, валізку водкі возьме, пад кочкай паставіць і п’е. Пасьля ідзе ў алькагольную бальніцу. І ён там у 78 гадоў памёр.


— А вы перапісваліся?


— Перапісаліся. Але неяк ён напісаў, што жонку можна купіць за пачак папярос. Дык я ўзлавалася і ня стала адпісваць яму.


Ніколі не перастаю зьдзіўляцца нашым старым, чый розум значна сьвятлейшы за розум іхніх унукаў.


— А вы ведаеце, што ў сьвеце робіцца?


— У мяне радыйка тут. Дык я ўключаю толькі, як імша ідзе. А больш я нічога ня знаю. Імшу толькі слухаю.


— Ну, вы ведаеце, хто ў нас зараз галоўны начальнік?


— Ня знаю.


— Лукашэнка.


— Я знаю Лукашэнку. Але не хачу я глядзець на Лукашэнку. Што мне тыя лукашэнкі? За Лукашэнку б я не галасавала. За сьвежага.


— За сьвежага?


— Ну. Толькі чакаю сьмерці. Хутчэй памерці. Ужо няма інтарэсу. Не магу рабіць, і жыць не хачу. Толькі ў кніжках сяджу. Але сьвятыя. Пустых не чытаю. Нікога не баюся. Сама над сабой. Ні злодзеяў няма тут, дзякуй Богу. Сьпярша тут маладыя былі, дык абкрадалі.


— А пасьля яны куды падзеліся?


— Памерлі.


— Балюча глядзець вам на сваю вёску?


— Жудасна. Даўней было хат 50. Весела было, людзей многа. Я яшчэ ў школу хадзіла. Бабы ў нас зьбіраліся. Хата вялікая была. І сусед казаў — яшчэ прыйдзе гэткі час, што чалавек чалавеку будзе рады. А я ляжу на печы і думаю — а дзе ж яны дзенуцца? А цяпер мне самой гэта прыйшло. Рада, як чалавека пабачу. Во, думаю, праўда. Людзі ўперад зналі ўсё.


Гэта праўда. Хутка радасьць ад сустрэчы з жывым чалавекам будуць адчуваць ня толькі жыхары далёкіх вёсак. Паводле апошніх статыстычных зьвестак, насельніцтвам прырастае толькі сталіца. А ў краіне жыве менш за 9 з паловай мільёнаў. З такімі тэмпамі дэпапуляцыі хутка апусьцеюць і мястэчкі.


Незвычайная карціна адкрылася ў вёскі Янукі. Некалькі гадоў таму, да меркаванага візыту прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча, у Януках зрабілі парадак.


Зладзілі прыгожую лесьвіцу на могілкі. Паставілі платы. Але самае крэатыўнае рашэньне — пару нежылых хатаў ажывілі. На мёртвыя вокны павесілі фіранкі. Стварылі прыгожую дэкарацыю вірлівага жыцьця.


Але далей, як памятаеце, быў маналёг пра вошай. І Януковічу не пашчасьціла зазірнуць за тыя фіранкі. Янукоўская жыхарка не разумее, чаму ж не прыехаў чарговы раз Януковіч.

— Было хат. Многа хат было.


— А вы ж ведаеце, што Лукашэнка зь Януковічам пасварыўшыся былі?


— Ведаю. Ці гэта добра? Скажыце вы. Што яму не спадабалася? Каторы вінаваты больш? Не абшчаюцца. Па баках усё езьдзяць. У Януковіча тут дзед нарадзіўся.


У вёску Мацейкі вядзе ўжо не дарога, а зарослы бур’яном накірунак. Старая Антося, безабаронная згорбленая старая, якую летась абрабавалі цыганкі, разгаварыўшыся, выдае адным сказам цэлы філязофскі пастулят.


— А пра што думаецца? Пра мінулае, пра цяперашняе?


— Няма чаго думаць пра мінулае. Не было мне добра, і цяпер нядобра.


— А зімой тут ня страшна? Дзікі.


— У хату ж ніхто не прыходзіць страшны. Бульбу зрылі. Дзікі шкодзяць, але ж чалавек — найгоршы дзік. Як прыйдзе, во пакрыўдзіць. А ад дзікоў схавацца можна.


— А якіх людзей на зямлі болей, кепскіх ці добрых?


— Як добры, дык і добры. Яго не заўважыш. Ён добры. А благога заўважыш адразу.


Добрыя людзі — незаўважныя. Як вам гэтая думка забытай старой Антаніны Хайковіч з амаль зьніклай вёскі Мацейкі? Ці ня ў гэтым крыюцца ўсе нашыя мінулыя і будучыя беды? Можа, добрым людзям пара сябе нарэшце выявіць?..

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG