Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карабы. Забыты беларускі Каруза


Некалькі маладзіц зь бітонамі на роварах нясьпешна плывуць вясковай вуліцай. Аграгарадок «Канстанцінаў двор». Некалі наймацнейшая гаспадарка Глыбоччыны.

— Як жыцьцё ў калгасе?

— Як бачыце, харашо.

— Грошы плацяць?

— Слаба.

— Адна з наймацнейшых гаспадарак.

— Была. А цяпер трэцяя зьнізу. Мільён трыста заробку.

— І што думаеце рабіць?

— Кароў пасьвіць На сваёй гаспадарцы. Каровак доім.

Мільён трыста заробак. А яшчэ ж зусім нядаўна, у дакрызісным 2007-м, мой прыяцель пастухом мог тут зарабіць за месяц два мільёны, што на той час раўнялася тысячы даляраў. Сёньня для вёскі астранамічная сума. Старая цётка Ядзьвіга, якая адрабіла ў калгасе ўсё жыцьцё, тлумачыць заняпад проста.

— Няма каму рабіць. Цыганоў возяць кароў пасьвіць на фэрме.

— Дзіўна. «Канстанцінаў двор» лічыцца багатая гаспадарка.

— Была. Але ж да нас дабавілі яшчэ два калгасы. Мы былі самыя багатыя. Пакуль да нас не далучылі. Тэхніка разышлася, і мы засталіся на бабах. А была самая лепшая гаспадарка.

Але, як гэта часта бывае, самае цікавае схавана за звычайнымі шэрымі сьценамі калгасных катэджаў. У адным зь якіх жыве Аліна Антонаўна Рачыцкая. Былая настаўніца, былая старшыня сельсавету. Унучатая пляменьніца Паўла Карузы.

— Ён мне сваяк, Каруза гэты. Павал Каруза. Ён быў, пэўна, як і вы, народнікам. Ён сядзеў у Краснаярску. Турму яму даў Савецкі Саюз.

— А за Польшчай ён быў дэпутатам?

— Ня ведаю, кім ён быў за Польшчай. Я толькі ведаю, што ягоны бацька быў у Ваўкалаце арганістым. І ён быў музыкант. І яго сёстры былі музыкантшы. Яны былі людзі — ня нам роўня. Выдзяляліся з нашай масы.

— А што значыць — народнік?

— Я ня ведаю. Пасьля вайны прыйшла паштовачка. «Ці ёсьць хто жывы? Ці можна да вас прыехаць?» Усё. Тры радочкі. Павал Каруза з Краснаярску. Празь некаторы час прыяжджае. Адразу ўключыўся як музыкант. Піяніну прыпёр. Вельмі ўдзельнічаў у самадзейнасьці. Жонка сьпявала прыгожа. Ён іграў на піяніна. Такі худзенькі. Зубы ўстаўленыя, як цяпер помню.

Італьянец па крыві і беларус па нараджэньні, Павал Каруза — асоба незаслужана забытая. Нават па тых скупых біяграфічных вестках, якія выдаюць энцыкляпэдыі, зразумела, што гэты чалавек павінен быў бы мець бліскучую кар’еру не ў адной сфэры жыцьця. Глядзіце самі. Сын вясковага арганіста, які паступіў у Віленскую кансэрваторыю і яе скончыў. Зьбіральнік беларускіх народных песень. Кіраўнік хору ў віленскім Інстытуце гаспадаркі і культуры. Рэдактар газэты «Крыніца». Палітык, дэпутат Сэйма Рэчы Паспалітай ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Як беларускаму фальклярысту яму было, вядома, цесна ў міжваеннай Польшчы. Газэта была пад няспынным ціскам уладаў. Як палітыка яго таксама чакала няўдача. Бо Пілсудскі разагнаў той сойм. І Павал Каруза нелегальна перабіраецца ў БССР. Каб нарэшце адбыцца — як кампазытар, як фальклярыст, як палітык. І дзе яго чакае арышт і спачатку Салаўкі, а пасьля Краснаярск. Дзякуй, што ня куля.

У той час, калі Павал Каруза адбываў свой першы салавецкі тэрмін, ягоныя землякі таксама марылі пра Саветы. Паслухаем двух вясёлых дзядоў, што разгаманіліся на прызьбе.

— Сустракалі, братка, радаваліся. Якраз нядзеля была. Дожджык ішоў.

— Спадзяваліся, што лепшае будзе. Чакалі Саветаў, бо радыё слухалі. А пасьля... Нешта, братцы, ня тое, як мы думалі. Надта прыгнечаныя салдаты. І ні з кім не размаўляюць.

— Вы да іх з пытаньнямі, з абдымкамі...

— Не размаўлялі ні з кім.

— Тут ветрынскі гарнізон недалёка. Яны там коней пабралі. А аброці зь вяровак. Нашы мужыкі глядзяць і дзівяцца.

— А чаму радаваліся?

— А мужыку ніколі добра не бывае. Мне цяпер добра, а моладзі кепска.

— Падаткі былі. Бацька мой дзень робіць — два злотых зарабляў. Гэта пуд хлеба быў.

— Паслухаюць радыё. Пяюць там прыгожа. Людзі па сем гадзін робяць, раддом, бясплатнае навучаньне. Як паслухаеш Расею, дык там рай быў.

— «Ад тайгі да северных марэй чалавек праходзіт, как хазяін». Вы слухалі ўсю гэтую лабуду?

— Так. Мой сусед сам змайстраваў прыёмнік. І хадзілі ўвесь час, слухалі.

— І была ячэйка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

— Раз разабралі дровы, а там улёткі. Польскага часу. Я сабраў іх і аднёс у кантору...

— І сабе не пакінулі?

— Пісаныя ад рукі. Атэістычнага характару. Перад Вялікаднем. Што, маўляў, ня трэба хадзіць у царкву.

— Цікава, людзі адгукаліся на гэтыя ўлёткі?

— Усякія былі. Асноўная маса... Цэрквы і касьцёлы былі забітыя людзьмі.

Старая карабоўка Марыя Станіславаўна Журко, чый бацька назаўжды зьнік пасьля арышту ў 40-м, лічыць, што апошні моцны ўдар па беларускай вёсцы быў нанесены напрыканцы 50-х, калі масава ў камуністычную Польшчу выяжджалі тыя, хто назваўся палякам.

— Уся сярэдняя кляса зьехала. Уцякалі ад калгасаў.

— І тады быў нанесены ўдар?

— Удар быў нанесены ў 39-м, калі спынілі надзяленьне хутарамі. Пасьля немцы прайшлі. Але засталася сярэдняя кляса сялян, працаўнікі. Яны баяліся калгасаў. Яны зьехалі ў Польшчу. Зрабілі калгасы. Але людзі прывыкшыя. Рабілі дзень і ноч.

— А калі б ня зьехалі тыя людзі, сёньня было б іншае пакаленьне?
Па вас не страляюць, а па нас стралялі. Мы ведаем, што такое, калі страляюць.

— Яны б пайшлі ў гарады. На Захадзе сельская гаспадарка паступова паляпшалася, а тут усё вось так, праз галаву. Няма выйсьця, немагчыма.

Разьвіталася старая сялянка са мной вось такой мудрасьцю.

— Па вас не страляюць, а па нас стралялі. Мы ведаем, што такое, калі страляюць. Калі сьвісьцелі кулі і я ўціскалася ў зямлю. І была адна толькі думка. Жыць! Адно слова білася ў мазгах. Жыць! Дзякуйце Богу за кожны пражыты дзень.

Але вернемся да пані Аліны. Якая спрабуе ўзгадаць свайго далёкага сваяка. Беларускага кампазытара і палітыка Паўла Карузу.

— Ён як прыйшоў з Краснаярску, зь ім на гэтую тэму ніхто не гаварыў. Бо мы не палітыканты былі. Ні тата, ні мама, ніхто. Але ён і баяўся. Такі час! Яго ж савецкая ўлада садзіла. Яны за нейкую Беларусь, за асобную, змагаліся. Чаму ж савецкая ўлада іх судзіла? Ён недзе граніцу перайшоў, агітацыю праводзіў. У Беларусі ўсходняй. Скончыў ён сваё жыцьцё ў Вільні.

Так. Чалавек з такім гучным прозьвішчам, які гарэў на любой працы, за якую б ні браўся, дажываў свой век у Вільні — настройшчыкам раяляў. Ён аўтар некалькіх тэарэтычных прац па фальклёры, некалькіх сюітаў і хораў на вершы клясыкаў беларускай паэзіі. Але многія яго творы загнулі. Ягоную постаць абмінула ўвагай Гістарычная эныкляпэдыя, а ва ўнівэрсальнай Беларускай энцыкляпэдыі ёсьць толькі адзін Каруза. Той, што Энрыка. Зрэшты, у сьвеце даўно пануюць іншыя энцыкляпэдыі. І нас чакае яшчэ не адно адкрыцьцё.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG